Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Навагодні зварот Святланы Ціханоўскай 2023.

 

 

Поўны тэкст звароту.

Дарагія беларусы, як вы?

Як прайшлі вашыя тыдні перад Новым годам? Я не ведаю, ці кажа вам гэта хтосьці, але вы робіце неймаверную працу. Вы будуеце жыццё ва ўмовах, калі планаваць не атрымліваецца нават на два тыдні наперад. Вы гадуеце вольных і таленавітых дзяцей, нягледзячы на жахлівы стан эканомікі і адукацыі. Насуперак нагнятанню нянавісці з усіх бакоў вы захоўваеце дабрыню і пяшчоту. Вы справіліся з гэтым надзвычайна складаным годам і стварылі сваім блізкім хоць крыху святочнага настрою.

Адно гэта – ужо нагода ганарыцца сабой.


Праз гэты зварот мяне могуць пачуць і тыя, хто яго чакаў; і тыя, хто расчараваўся і страціў надзею на перамены; і тыя, хто наогул не цікавіцца, што кажа Святлана Ціханоўская.

Я дзякую, што вы слухаеце мяне. Але ж ці можаце вы пачуць і зразумець адно аднога? Як працоўны Белкамунмаша, які страціў працу ў выніку масавых скарачэнняў, можа зразумець сталічнага айцішніка, які адкрывае кавярню ў старым горадзе і шукае супрацоўнікаў? Як жыхарка Магілёва, якая вызваляецца ад хатніх справаў амаль што ўначы, – як яна можа зразумець палітычнага эмігранта, які не можа вярнуцца дадому і ўжо не ўпэўнены, што яго там чакаюць? Як жонка палітзняволенага Алеся Бяляцкага, якая атрымлівала за мужа Нобелеўскую прэмію, – зразумее студэнтку, якая прыехала скараць Мінск і калі праходзіць міма Валадаркі, не задумваецца, што гэта за месца? Хіба можа пенсіянер з Віцебска, які глядзіць тэлевізар і верыць прапагандзе, зразумець сваю дачку, якая адсядзела суткі за фота з пратэстаў? Ці магчыма, каб маці добраахвотніка, які загінуў, змагаючыся супраць захопніцкіх войскаў Расіі, зразумела дачку пракурора, якая стамілася спрачацца з бацькам пра палітыку?

Я лічу, што паразумецца можна. Бо праблема не ў тым, што мы розныя. Праблема ў тым, што кожнаму здаецца, нібыта іншыя не чуюць і не разумеюць яго. Так мы губляем давер адно да аднога і веру ў саміх сябе.

Ведаеце, неяк мне патэлефанаваў жыхар аднаго невялікага горада, і распавёў сваю гісторыю. Ён пачаў яе словамі – «я маленькі чалавек, я няшмат магу». Яго словы моцна мяне закранулі, бо гэта вельмі падобна на тое, як бачаць сябе беларусы. Але ведаеце, пра што была гісторыя гэтага чалавека? Ён адзін змог спыніць цэлы цягнік з ваеннай тэхнікай, які павінен быў ехаць на вайну. Толькі ўявіце: маленькі чалавек, які спыніў вялікі цягнік.

Шчыра кажучы, мне таксама здаецца, што я маленькі чалавек. Але я ўзгадваю мужчыну, які спыніў цягнік, і думаю, што нам з вамі ўсім варта перастаць лічыць сябе маленькімі людзьмі. Мы праходзім такі складаны шлях – і ніхто не мае права яго зняцэніць. Мы зусім не маленькія людзі. Калі мы верым адно ў аднога і ў саміх сябе – мы – нацыя. 

Нацыя Скарыны і Шагала. Купалы і Каліноўскага. Нацыя алімпійскіх чэмпіёнаў і нобелеўскіх лаўрэатаў. Нацыя таленавітых музыкаў і навукоўцаў. Сумленных рабочых і лагодных гаспадароў. Мы нацыя, якая заўсёды абірае заставацца людзьмі. І ніхто не прымусіць нас забыцца, хто мы ёсць.

Так, ёсць у нас такая рыса – сумневы ў сабе. І нам часам так хочацца, каб хтосьці больш моцны, вопытны, бясстрашны прыйшоў і дапамог нам вырашыць усе праблемы. Каб з’явілася моцная рука, якая пакажа нам шлях.

***

Але хтосьці больш моцны, вопытны і бясстрашны – гэта мы з вамі. Нацыі не патрэбная моцная рука – нам патрэбныя давер, узаемапавага і салідарнасць. Я хачу дагрукацца да кожнага, таму гатовая гаварыць па-рознаму – каб пачулі ўсе.

Как у многих из вас, у меня есть дети. Я знаю цену человеческой жизни и я категорически против войны. Меня, как и вас, пугает то, как близко война подошла к нашему дому. То, что на своих кухнях мы обсуждаем угрозу ядерного оружия, мужчинам по всей стране приходят повестки, а подросткам в школах показывают оружие – это не нормально.

Наша страна на пороге войны, которая не нужна никому из нас. Те, кто называет себя правительством, утратили независимость и находятся под влиянием России, и именно поэтому с нашей территории летят ракеты в Украину. Цены в стране растут, потому что соучастие в чужой войне обходится очень дорого. В стране тысячи политических заключенных, их число растет каждый день. Это разбивает моё сердце и сердца всех их близких. Но это сказывается и на благополучии всех граждан – ведь только освобождение политзаключенных может стать поводом для начала снятия санкций. В итоге растущие цены, страх мобилизации, изоляция – вот что беларусам сейчас предлагает государство.

Россия напала на Украину, потому что решила, будто украинцев как нации не должно существовать. Убиты десятки тысяч мирных жителей, в том числе дети – и это чудовищная трагедия. Но Россия проиграет эту войну, потому что украинцы защищают свой дом и на их стороне – весь мир. Россия проиграет эту войну. А мы, беларусы, или отправимся за ней в пропасть – или сможем построить мирное будущее, которого заслуживаем.

Да беларусаў заўсёды ставіліся добра. Але дзяржава ўцягнула нас у гэтую вайну на баку Расіі, што робіць нас суагрэсарамі. Беларусы не падтрымлівалі гэта, беларусы заўсёды былі супраць вайны. Таму ў гэтым годзе ў нас атрымалася зрабіць так, каб Беларусь не стала ізгоем, як Расія. Але магчымы паўнавартасны ўступ Беларусі ў вайну – гэта пункт невяртання. Ён зробіць нас нацыяй агрэсараў на дзесяцігоддзі. Ён закране жыццё літаральна кожнага беларуса і кожнай беларускі. І ўжо ні маёй працы, ні працы дэмакратычнага руху і нават гераізму добраахвотнікаў не будзе дастаткова, каб пераканаць свет, што беларусы супраць гэтай вайны.

Мы не павінны дапусціць, каб ва Украіну пайшлі беларускія войскі. Мы не хочам, каб па тэрыторыі Беларусі стралялі ў адказ. Дзеля будучыні, якую заслугоўваем. Дзеля наступнага дзесяцігоддзя, у якім жыць нам і нашым дзецям.

Адмовіцца ад залежнасці ад небяспечнага суседа – гэта наш. нацыянальны. інтарэс. Беларусь можа быць развітай, незалежнай, эканамічна ўстойлівай нацыянальнай дзяржавай. Краінай-партнёрам, а не краінай-даўжніком. Краінай, дзе не выбіраюць новага «старэйшага брата» ці крэдытора – а нарэшце выбіраюць саміх сябе. 

Так, мы павінны быць краінай, адкрытай свету. Бо калі мы хочам сказаць пра нешта добра, мы не гаворым «як у Расіі» – мы гаворым «як у Еўропе». І нам не трэба з'язджаць з Беларусі, каб патрапіць у Еўропу. Беларусь – гэта і ёсць Еўропа. І мы хочам вучыцца ў тых суседзяў, хто жыве лепей, а не ў тых, хто з акупаваных украінскіх гарадоў вязе дадому пральныя машыны.

Я разумею, што гэта не самая святочная навагодняя прамова. Але ў гэты складаны час нашая нацыя заслугоўвае павагі і праўды. Я ведаю, як моцна хочацца верыць, што наступны год будзе лепшым – не ў тэлевізары, а ў рэальнасці. Што цёмныя часы скончацца. Сем’і ўз’яднаюцца. Вернецца дабрабыт. І пачнецца светлая частка нашай гісторыі. Я адна не магу паабяцаць вам гэта. Але мы можам паабяцаць гэта адно адному. Я, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, дэмакратычныя сілы, СМІ, актывісты і бізнесоўцы, сумленныя службоўцы і добраахвотнікі, працоўныя і настаўнікі, студэнты і медыкі, пенсіянеры, музыкі, чыноўнікі, тая жанчына з Магілёва і той айцішнік з Мінска – мы ўсе можам паабяцаць, што будзем клапаціцца адно пра аднога ў наступным годзе і абаронім нашую краіну і нашую нацыю. Зараз мы можам абняць тых, хто побач з намі, і сказаць адно адному дзякуй за тое, што спраўляемся. За тое, што побач. За тое, што сталі мацнейшымі і не склалі рукі. За тое, што калі мы разам – вяртаецца ўпэўненасць, што ў нас усё атрымаецца. Мы змаглі справіцца з гэтым годам, а значыць зможам справіцца з усім. Дзякуй вам.

З Новым Годам!