Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

2021-03-17

Дыскусія вакол будучай беларускай Канстытуцыі аднавіла спрэчку (у вузкіх колах) пра статус беларускай мовы. Насамрэч, яна бянтэжыць. Ёсць эфектыўны спосаб спыніць спрэчку, і раз і назаўсёды не ператвараць у імпульс для непатрэбных сварак, якія адцягваюць ад таго, што цяпер першачарговае. А галоўнае цяпер  – вяртанне ў краіну законнасці. Без гэтага любыя спрэчкі - безсэнсоўныя. Цяпер па чарзе. У Беларусі няма агрэсіўнага непрыняцця беларускай мовы, хутчэй страх, што адбудзецца нейкая гвалтоўная беларусізацыя, якая створыць для грамадзян мора нязручнасцяў і скрадзе ў іх камфорт. Але так не мусіць быць.

 

Больш за тое, у XXI ст. накідваць нешта гвалтоўна - у гістарычнай перспектыве азначае фіяска і будзе ад пачатку сведчыць пра шлях паразы. Але трэба найперш усім проста шчыра адказаць сабе на адно пытанне: ці я за тое, каб выправіць вынік гвалтоўнай і несправялівай дэбеларусізацыі, ці гатовы назаўсёды выслаць беларускую ў музей у Строчыцы ці на шыльды на прыпынках. Калі выбіраем першы варыянт, то няма іншага шляху, як кампраміс, павольная і далікатная праца. Будзе беларуская адзінай афіцыйнай, ці адной з дзьвюх, гэта ўвогуле неістотна, калі ў краіне запануе сапраўдная законнасць. Бо ніхто нікога і ніколі не прымусіць карыстацца мовай, якую ён кепска ведае. Але яе можна вывучыць. Спакойна, без гвалту.

Але гэта мае быць замацавана законам. Цяпер неспадзяванка. Ці шмат хто ведае, што нават у праграме Пазьняка, якога можна лічыць найбольш радыкальным у моўным пытанні, працэс вяртання беларускай у шырокі ўжытак разлічаны на пакаленне, паступова, без гвалту і прымусу. То бок, каб вярнуць за 20 год беларускую, трэба працаваць паводле адмысловай дзяржаўнай праграмы, з прапісанымі крокамі, задачамі, метадамі, каб ніхто не мусіў нервавацца і хвалявацца, што яго за дзень прымусяць пісаць накладныя ў краме на беларускай. Дарэчы, бачыў я накладныя беларускіх касірак і на рускай, з процьмай памылак, нікога з іх не пасадзілі і не звольнілі. Або возьмем рабочых маторнага заводу ў Стоўбцах. Палова з іх гаворыць на трасянцы, якой няма ў цяперашняй Канстытуцыі, як афіцыйнай мовы. І? Нехта сапраўды лічыць, што за ўжыванне на працы не беларускай мовы калісьці могуць штрафаваць ці звольніць?

Алё, гараж. Беларускую мову нельга накідаць гвалтам (найперш таму, што гэта горш для яе). Але нельга палохаць беларускай мовай у садках, як гэта робіць Лукашэнка (бо ў беларускай мовы няма іншай радзімы). Гэта ўсё акіёма. Калі ўсе з гэтым згодныя, гэта ўжо падмурак, на якім некалі (лепш, каб хутчэй) пачалася спакойная праца па вяртанні справядлівасці. Гэта можа заняць дзесяткі гадоў, і можа нават не скончыцца ўражвальнымі вынікамі. Гэта можа проста захаваць беларускую мову ад знішчэння, да чаго ўсё ідзе цяпер.

Калі нехта дагэтуль не разумее важнасць яе ўратавання, то няхай глыбока задумаецца, навошта яе забаранялі чужыя ўлады на беларускіх землях, і ціснулі пад плінтус “свае”. На вяртанне мовы – дзясяткі гадоў. Іншага быць не можа, я так лічу. Але куды спяшацца, калі ўсе мы ляцім да зор, як пісаў дзвюхмоўны беларускі класік Багдановіч, які да смерці не навучыўся казаць цьвёрдае беларускае Ч. У Беларусі няма агрэсіўнага непрыняцця беларускай мовы.