2021-03-12
Анатоль Лябедзька: "Гэты праект Канстытуцыі сапраўды можна назваць народным."
Старшыня рабочай групы па распрацоўцы канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька расказвае, як рыхтаваўся праект Канстытуцыі, адказвае на пытаньне, чаму ў праекце прапанаваныя дзьве дзяржаўныя мовы, і заяўляе, што ідэальным варыянтам быў бы рэфэрэндум па Канстытуцыі адначасова з выбарамі прэзыдэнта.
Сьцісла: Кожны разьдзел праекту Канстытуцыі мы выносілі на абмеркаваньне, рабілі прэзэнтацыю ўсіх разьдзелаў у жывым эфірыМы прапануем парлямэнцка-прэзыдэнцкую форму кіраваньня.Супраць беларускай мовы ішла вайна, супраць яе змагалася дзяржава, змагаўся клан Аляксандра ЛукашэнкіІдэальна б выглядала, каб мы мелі магчымасьць правесьці рэфэрэндум адначасова з выбарамі прэзыдэнта. — Рабочая група прадставіла праект Канстытуцыі і прапаноўвае яго для ўсеагульнага абмеркаваньня. Што сабой уяўляла рабочая група, колькі чалавек туды ўваходзіла? Былі гэта пераважна юрысты, ці таксама палітыкі і грамадзкія дзеячы? Колькі часу спатрэбілася для падрыхтоўкі праекту Канстытуцыі?
— Па-першае, я хачу павіншаваць чытачоў Свабоды з Днём Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка. Гэта сьвята, якое ня мае належнай падтрымкі і рэфлексіі як з боку дзяржавы, гэтак і грамадзтва. Сапраўднае сьвята Канстытуцыі яшчэ наперадзе, у любым выпадку віншую прыхільнікаў пераменаў з гэтым днём. Што тычыцца нашай групы, то ў яе склад уваходзіць 25 чалавек. Натуральна, асноўны цяжар працы лёг на 5–6 чалавек, астатнія выконвалі хутчэй функцыю дарадцаў.
Ёсьць вядомыя ў краіне спэцыялісты ў галіне канстытуцыйнага права, такія, як былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Валер Фадзееў, багата юрыстаў, ёсьць асобы зь вялікім палітычным досьведам. Нам было важна, каб гэта была ня чыста экспэртная група, а каб у ёй былі людзі з розным палітычным досьведам і адукацыяй. Рабочая група была створана 2 гады таму, потым мы стварылі грамадзкую канстытуцыйную камісію, бо прагназавалі, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў канстытуцыйнае пытаньне стане часткай палітычнага парадку дня. Так і атрымалася. Восеньню імпэту і легітымнасьці нашай працы дадала Сьвятлана Ціханоўская, прапанаваўшы мне стаць упаўнаважаным па канстытуцыйнай рэформе. Склад нашай групы істотна павялічыўся, пачынаючы з кастрычніка, ішла вельмі інтэнсіўная праца ў штотыднёвым рэжыме.
Сёньня мы маем дакумэнт для першага чытаньня. Мне падаецца, ён падрыхтаваны прафэсійна і якасна — але мы падкрэсьліваем, што гэта не канчатковая рэдакцыя. — Любая Канстытуцыя — гэта перш за ўсё палітычная дылема. Якімі будуць паўнамоцтвы прэзыдэнта, ці будзе гэта парлямэнцкая альбо прэзыдэнцкая рэспубліка, як выглядае падзел уладаў, колькі будзе дзяржаўных моваў — гэта ўсё пытаньні не для вузкага кола юрыстаў, а для ўсяго грамадзтва. Што пераважае ў распрацаваным вашай групай праекце? Нейкія «вечныя» правільныя ідэі і прынцыпы альбо цяперашнія настроі ў сёньняшнім беларускім грамадзтве, пацьверджаныя сацыялёгіяй? — Мы не зачыняліся ў пакоі бяз вокнаў і дзьвярэй.
Мы ўвесь час зьвярталіся да грамадзтва — гэта быў галоўны наш прынцып. Кожны разьдзел праекту Канстытуцыі мы выносілі на абмеркаваньне, мы рабілі прэзэнтацыю ўсіх разьдзелаў у жывым эфіры. У сацыяльных сетках мы давалі тэксты разьдзелаў, і людзі маглі, ведаючы час прэзэнтацыі, прыняць паўнавартасны ўдзел у абмеркаваньні. Кожная такая прэзэнтацыя зьбірала дзясяткі тысяч праглядаў і сотні камэнтароў. Мы гэта аналізавалі, улічвалі рэакцыю людзей, так што гэты праект можна сапраўды назваць народным. У пэўнай ступені мы выкарысталі ісьляндзкі досьвед, дзе Канстытуцыю краіны пісалі ўсе грамадзяне. Мы ў пэўнай ступені пайшлі гэтым шляхам, і цяпер пераходзім да другога этапу — экспэртыза дакумэнтаў, у якой будуць прымаць удзел беларускія і замежныя экспэрты. Потым будзе паўнавартаснае абмеркаваньне з паездкамі чальцоў рабочай групы па рэгіёнах. Наступны этап — па пытаньнях, дзе няма кансэнсусу, будзем ладзіць усенароднае галасаваньне, ужо ёсьць такая дамоўленасьць з пляцоўкай «Голас».
— Адно з галоўных, прынцыповых пытаньняў — паўнамоцтвы прэзыдэнта. Я ўжо бачыў і чытаў крытыку, што ў вашым праекце прэзыдэнту аддадзена надта шмат паўнамоцтваў. Пры тым вы заяўляеце, што ў праекце закладзена парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка. На што вы больш арыентаваліся, прымаючы рашэньне пра паўнамоцтвы прэзыдэнта — на нейкія сусьветныя ўзоры ці на цяперашняе стаўленьне беларусаў да гэтага інстытуту? — Сапраўды, многія людзі рэагуюць на наш праект зыходзячы зь сёньняшніх рэаліяў і рэчаіснасьці. Яны накладаюць гэтую кальку таго, што сёньня ёсьць, на праект. Мне падаецца, гэта тупіковы падыход. Мы павінны зыходзіць не з таго, што сёньня пры ўладзе людзі, хворыя на ўладу, якія пасінелымі рукамі трымаюцца за свае паўнамоцтвы. Мы павінны глядзець на заўтрашні дзень, калі ў Беларусі будуць свабодныя, дэмакратычныя выбары, калі будзе палітычная здаровая канкурэнцыя, калі пройдзе працэс дэпрыхватызацыі ўлады. Калі сыходзіць з таго, якая палітычная мадэль прапанаваная, то мы заяўляем, што ў нас прапанаваная парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма кіраваньня. Менавіта парлямэнту належаць асноўныя паўнамоцтвы, ён вызначае заканадаўчую базу, фармуе прававое поле. Парлямэнт распрацоўвае і прымае бюджэт, у кадравых пытаньнях яму належыць галоўная роля. Прэзыдэнт толькі прапаноўвае кандыдатуру прэм’ер-міністра і чальцоў ураду, але зацьвярджае іх парлямэнт. Калі прэзыдэнт прапануе прэм’ер-міністра, то ён ня можа прапанаваць чалавека, які ня будзе падтрыманы вядучымі фракцыямі парлямэнту. Ён мусіць правесьці адпаведныя палітычныя кансультацыі, і толькі пасьля гэтага выносіць кандыдатуру.
— Выбары ў парлямэнт у вашым праекце павінны праходзіць па зьмяшанай сыстэме, мажарытарнай (па акругах) і прапарцыйнай (па партыйных сьпісах). Чаму? —110 дэпутатаў у акругах і столькі ж па партыйных сьпісах. З гледзішча больш далёкай пэрспэктывы, магчыма, прапарцыйная сыстэма будзе больш запатрабаваная. Але на сёньня — 27 гадоў наша партыйная сыстэма знаходзілася на мяжы выжываньня, супраць дэмакратычных партыяў вялася непрыкрытая вайна. Гэта прывяло да таго, што партыі сёньня ня маюць вялікай сацыяльнай базы. Я думаю, што на гэтым этапе гэта цалкам адэкватна нашым рэаліям.
— Адно зь вечных дыскусійных пытаньняў — пра дзяржаўную мову (дзяржаўныя мовы). Вы, як выглядае, абралі нейкі кампрамісны варыянт, які гучыць так: «Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская і расейская мова. Паважаючы права кожнага выбіраць мову зносін, дзяржава ажыцьцяўляе захады па пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы дзеля далейшага наданьня ёй у Канстытуцыі статусу адзінай дзяржаўнай мовы». Я разумею, што большасьць беларускіх дэмакратычных палітыкаў выступае за адну дзяржаўную мову — беларускую. Выглядае, што вашая група выбрала кампрамісны варыянт, з мэтай прымірыць цяперашнюю рэальнасьць, цяперашні стан грамадзтва і прынцыпы? — Мы правялі дзясяткі сустрэчаў зь людзьмі ў рэгіёнах, найбольш прынцыповыя тэмы выносілі на галасаваньне. Я адзначаю, што прыкладна 80 працэнтаў людзей гатовыя падтрымаць адзіную дзяржаўную мову, але празь нейкі прамежак часу. Многія лічаць, што цяжка 50-гадоваму чалавеку адразу перайсьці на беларускую мову, калі ён ня быў зь ёй раней зьвязаны.
Але гэта проста зрабіць дзецям, якія толькі пайшлі ў школу і дзіцячыя садкі. Над гэтымі фармулёўкамі мы доўга біліся, і мне падаецца, што мы здольныя патлумачыць людзям, што на сёньня гэта дзьвюхмоўе, але зь вельмі актыўнай падтрымкай беларускай мовы. Бо супраць яе ішла вайна, супраць беларускай мовы змагалася дзяржава, змагаўся клан Аляксандра Лукашэнкі. І тут вельмі шмат чаго трэба аднаўляць, ствараць матывацыі, у тым ліку і эканамічныя. Наша мэта, каб выпускнік беларускай школы дасканала ведаў 3–4 мовы, і тады наш народ будзе канкурэнтаздольны ў многіх галінах. — Як можа быць ажыцьцёўлена гэтая Канстытуцыя? Які мэханізм вы бачыце, па якіх этапах гэта можа адбыцца — вядома, у нейкай «ідэальнай» сытуацыі? — У нас як у прадстаўнікоў рабочай групы няма такіх паўнамоцтваў, такога мандату — рыхтаваць транзыт улады. У нас задача — падрыхтаваць якасны дакумэнт на дзесяцігодзьдзі, які мяняе сыстэму.
Бо калі старая сыстэма застанецца, то абавязкова зьявяцца новыя падлюгі, якія будуць ёй карыстацца. Як чалавек магу сказаць, што для мяне ідэальна б выглядала, каб мы мелі магчымасьць правесьці рэфэрэндум адначасова з выбарамі прэзыдэнта. Каб прэзыдэнт, якога абяруць людзі, прачнуўся ў іншай сыстэме, зь іншымі прававымі і палітычнымі каардынатамі. Бо калі прэзыдэнт, з новым прозьвішчам, застанецца ў цяперашняй сыстэме, у яго зьявяцца дзясяткі дарадцаў, якія будуць даводзіць, што пакуль нічога мяняць ня трэба, бо сытуацыя напружаная, трэба рашуча праводзіць рэформы і гэтак далей. Таму ідэальны варыянт — гэта адначасова выбары прэзыдэнта і рэфэрэндум па новай Канстытуцыі. Разам з тым ідэальнага варыянту можа і ня здарыцца, тады можна зьвярнуцца да Канстытуцыі 1994 году як варыянту для транзыту ўлады.