У жніўні, ў Варшаве, на канферэнцыі “Новая Беларусь” была прынята Рэзалюцыя “Аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім Звязе”.
Анатоль Лябедзька, дэпутат Незалежнасці, дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламентскай супрацы адзін з тых, хто прасоўвае тэму еўраінтэграцыі праз усе магчымыя пляцоўкі і інструменты камунікацыі.
Гэтым разам, з Яраславам Раманчуком яны сустрэліся ў Кракаве, з прадстаўнікамі беларускай дыяспары на круглым стале “Уступленне Беларусі у ЕЗ: мроя альбо рэальнасць. Палітычная і эканамічная састаўляючая пытання”
Мы папрасілі Анатоля Лябедзьку падзяліцца уражаннямі ад дыскусіі.
“Дыскусія доўжылася дзве з паловай гадзіны і падаецца, каб не наступнае мерапрыемства, то яна б працягвалася і надалей.
Нішто не заменіць жывыя камунікацыі, пад час якіх ты бачыш твары людзей. Нам не хапае гэтага. Адна з задачаў такіх прэзентацый і сустрэч падштурхоўваць, матываваць беларусаў быць мультыплікатарамі і папулярызатарамі еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Недастаткова быць еўрабеларусам, трэба вакол сябе ствараць еўрапейскі асяродак. А гэта час, высілкі, намаганні, да таго ж патрэбна пэўная падрыхтоўка.
Натуральна, што дыскусія не абмежавалася еўрапейскай павесткай. Гучалі крыўды, папрокі, крытыка, але на выхадзе агульнымі намаганнямі фармулявалі ўсё ж канкрэтныя прапановы і адказы на пытанні што рабіць. Усе занатавана і дакладна будуць спробы зменшысць прастору фрустрацыі, незадаволення і псізалагічнага выгарання.
Думаю патрэбна стварыць банк дадзеных усіх арганізаваных, дзеездольных структур беларускай дыяспары і інтэграваць гэту сетку ў агульныя планы працы і дзейнасці.
Як вынік - маем яшчэ большую матывацыю арганізоўваць такія дыскусіі і надалей. Бліжэйшы прыпынак - Познань»