У гэтыя дні у Кіеве знаходзіцца дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі. Як адзначыў Анатоль Лябедзька “вельмі важна зараз фізічна быть ва Украіне.
Паветра Кіева разрывае не толькі трывожная сірэна, але і мігалкі картэжаў. Багата еўрапейскіх палітыкаў прыехалі ва Украіну, каб павіншаваць украінцаў з Днём Незалежнасці і заявіць пра салідарнасць. Беларусы тут таксама і гэта крута! Мы фіксуем гэта на тварах нашых украінскіх сяброў і партнераў, мы чуем іх шчырыя словы падзякі”.
Беларуская дэлегацыя штодня мае багата сустрэчаў, мерапрыемстваў. Як адзначыў Анатоль Лябедзька, “ёсць агульныя пунты працоўнага плана, і разам з тым, у кожнага свой графік. Учора правялі кансультацыі з чальцамі дэпутатскай групы “За дэмакратычную Беларусь” Вярхоўнай Рады Украіны.
Большую частку часу патрацілі на фармуляванне адказу на пытанне што рабіць, каб наша супраца была больш эфектыўнай.
У прыватнасці дамовіліся аб арганізацыі і правядзенні слуханняў на паседжанні Камітэту па міжнародных справах. Таксама аб удзеле парламентарыяў у працы Форума братоў Астрожскіх. Таксама зафіксавалі наяўнасць праблемаў з якімі па гэты час сутыкаюцца і беларускія дабраахвотнікі, і валанцёры. Ёсць думкі, як іх мінімізаваць і паступова вырашаць”.
У сустрэчы прынялі удзел і прадстаўнікі палка Каліноўскага.