Татарстан, які з 1990-х гадоў пазіцыянаваў сябе як самастойная дзяржава, якая добраахвотна аб'ядналася з Расіяй, больш не з'яўляецца такім па Канстытуцыі. Папраўкі ў закон пазбавілі яго апошніх атрыбутаў самастойнасці. Татарстан больш не мае ні пасады прэзідэнта, ні суверэнітэту, носьбітам якога быў шматнацыянальны народ.
Праўкі ў Канстытуцыю падпісаў учора прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў. Змены ўступаюць у сілу з 6 лютага.
Усяго 64 праўкі.
Галоўная з іх — Мініханаў перастае быць прэзідэнтам да заканчэння сваіх паўнамоцтваў. Новая пасада будзе называцца «кіраўнік — Раіс Рэспублікі Татарстан» ("раіс" з арабскага азначае начальнік або старшыня).
З артыкула 1 Канстытуцыі Татарстана прыбраныя згадкі пра суверэнітэт і дамову аб размежаванні паўнамоцтваў. «Рэспубліка Татарстан — дэмакратычная прававая дзяржава ў складзе Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў новай рэдакцыі. Да гэтага Татарстан быў дзяржавай, «аб'яднанай з Расійскай Федэрацыяй Канстытуцыяй Расійскай Федэрацыі, Канстытуцыяй Рэспублікі Татарстан і Дамовай».
Замест суверэнітэту з'яўляецца тэрмін «дзяржаўнасць».
Згадка суверэнітэту выключаецца і з іншых артыкулаў Канстытуцыі Татарстана. Напрыклад, у артыкуле 3 шматнацыянальны народ больш не «носьбіт суверэнітэту». «Улада ў Рэспубліцы Татарстан ажыццяўляецца яе шматнацыянальным народам непасрэдна, а таксама праз органы дзяржаўнай улады і органы мясцовага самакіравання», — гаворыцца ў новай рэдакцыі дакумента.
Таксама слова «суверэнітэт» выключаецца з артыкула 94, дзе раней гаварылася, што прэзідэнт Татарстана забяспечвае суверэнітэт Рэспублікі. У артыкуле 121 герб, сцяг і гімн Татарстана цяпер адлюстроўваюць не суверэнітэт, а дзяржаўнасць.
Таксама выключаюцца згадкі дамовы з большасці артыкулаў. Застаецца толькі норма, што «можа быць заключаны дагавор аб размежаванні прадметаў вядзення і паўнамоцтваў» у будучыні.
Траціць сілу артыкул 21 аб грамадзянстве Татарстана. «Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Татарстан, ёсць грамадзянінам Рэспублікі Татарстан», — гаварылася раней у гэтым артыкуле.
Таксама прыбіраецца артыкул 15, дзе было сказана, што «Рэспубліка Татарстан адхіляе гвалт і вайну як сродак вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі і народамі», а «прапаганда вайны забараняецца».
Таксама выключаецца палажэнне, што «арышт, заключэнне пад варту і ўтрыманне пад вартай дапускаюцца толькі паводле судовага рашэння».
У новай рэдакцыі няма палажэння, што «дэпутат Дзяржаўнага Савета, які не апраўдаў даверу выбаршчыкаў, можа быць адкліканы».
Выключаецца шэраг паўнамоцтваў парламента Татарстана. Напрыклад, ён больш не мае права тлумачыць законы Рэспублікі і ўсталёўваць сістэму органаў выканаўчай улады рэгіёна. Кандыдатуру прэм'ер-міністра Рэспублікі парламент будзе толькі ўзгадняць, а не зацвярджаць, як раней. Акрамя таго, Дзяржсавет не будзе ўзгадняць кандыдата на пасаду пракурора Рэспублікі.
Замест Канстытуцыйнага суда Татарстана будзе Канстытуцыйны савет.
У новай рэдакцыі Канстытуцыі Татарстана больш няма патрабавання, што кандыдат на пасаду кіраўніка Рэспублікі павінен валодаць дзяржаўнымі мовамі — рускай і татарскай. У новай рэдакцыі толькі сказана, што кіраўнік «пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў выкарыстоўвае дзяржаўныя мовы». Але з гэтага не вынікае, што кіраўнік рэспублікі ведае мову.
Кіраўнік (раіс) можа сысці ў адстаўку ў сувязі са стратай даверу прэзідэнта Расіі. А таксама зможа пераабірацца бясконцую колькасць разоў (раней было прапісана, што не больш за два тэрміны запар).
Новы закон дазваляе Мініханаву зноў пайсці на выбары кіраўніка Татарстана.