Выступ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ у Парламенце Эстоніі

Вызвалім Еўропу ад тыранаў

Паважаны Спікер Парламента Юрі Ратас,

Паважаныя дэпутаты,
Я разумею, што выступ іншаземкі ў парламенце Эстоніі — рэдкая падзея. Для мяне гонар выступаць ад імя беларусаў, якія ўжо больш за два гады змагаюцца за сваю свабоду, незалежнасць і еўрапейскую будучыню. Кожны раз, прыязджаючы ў Эстонію, я адкрываю для сябе новыя сувязі паміж нашымі народамі. Я даведалася, што ў Тартускім універсітэце вучыўся Антон Луцкевіч, які стаяў ля вытокаў нашай дзяржаўнасці. У 1918 годзе ён ініцыяваў абвяшчэнне незалежнасці ад Расіі і стаў прэм'ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі.


Эстонія адной з першых прызнала Беларускую Народную Рэспубліку і завязала з ёю дыпламатычныя адносіны. Недалёка адсюль, на вуліцы Вэнэ 19, адкрылася беларускае пасольства, і працягвала працаваць нават тады, калі Беларусь ужо была пад Савецкай акупацыяй. Сто гадоў таму такі крок стаў магчымы дзякуючы палітыкам Эстоніі, якія праявілі рашучасьць і салідарнасьць з нашым народам, нягледзячы на імперскія пагрозы. Антон Луцкевіч змагаўся супраць імперыі, ён бачыў Беларусь часткай Еўрапейскай сям'і. Паміж лёсам Антона Луцкевіча і доляй эстонскага народа ёсць і страшная паралель. 14 чэрвеня 1941 года ён быў сасланы ў лагеры ГУЛАГа, дзе і памёр. У той жа самы дзень 10 000 эстонцаў былі дэпартаваныя ў савецкія лагеры для ваеннапалонных. Там яны падзялілі трагічны лёс многіх тысячаў беларусаў. Падчас краху савецкай імперыі эстонцы і беларусы здолелі аднавіць сваю незалежнасць. І мы вучымся ў эстонцаў таму, без чаго немагчыма збудаваць трывалы дзяржаўны дом – павазе да ўласнай культуры і мовы.


Я не ведаю эстонскай мовы. Але я ведаю слова, якое зразумее кожны беларус: сЫбэр. Па-беларуску гэтае ж слова гучыць падобна: сЯбар. Эстонія паказала сябе нашым надзейным сябрам. Паважаны Міністр Урмас Рэйнсалу, Паважаны Марка Міхкельсан, Вялікі вам дзякуй за сяброўства. Мы не прымаем гэта як належнае. Беларусы бачаць вашую падтрымку, і ніколі яе не забудуць. Як вы ведаеце: я не прафесійны палітык. Яшчэ два гады таму я палітыкай не цікавілася. Але я хутка вучуся. І ў эстонскіх палітыкаў я вучуся прынцыповасьці і рашучасьці. Менавіта Эстонія у першыя дні пасля украдзеных выбараў 2020 году выдала заяву аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам, і наладзіла сувязь з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Эстонія стала заступнікам беларусаў у ААН: тройчы арганізавала слуханні ў Радзе бяспекі, а нядаўна, дзякуючы міністру РЭйнсалу, я прадстаўляла Беларусь на генасамблеі ААН.


Эстонія паказала прыклад вялікім дзяржавам. Эстонія вылучыла дапамогу беларускім медыям і актывістам. Я прашу вас: прымайце больш беларускіх студэнтаў, яны стануць элітай Новай Беларусі. Прымаючы больш беларусаў, вы набываеце больш сяброў і інвестуеце ў будучыню адносінаў паміж нашымі народамі. Эстонскі парламент сярод першых ініцыяваў стварэнне парламенцкай групы ў падтрымку палітвязняў і дэмакратыі ў Беларусі. Дзякуй вам, паважаныя спадары Міхаіл Лотман, Лео Кyннас, Тaрмо Круузімяэ, Хелір-Вaлдор Сеэдэр, Рaйво Тамм. Я мару пра той дзень, калі у Эстонію прыбудзе дэлегацыя дэмакратычнага абранага парламента Беларусі. Пасля пачатку вайны Эстонія пачала выдаваць беларусам гуманітарныя візы. Я ведаю, што ў Эстоніі абмяркоўвалі візавы бан супраць беларусаў, але гэта кепская ідэя. Важна адрозніваць Беларусь ад Расеі, а беларусаў – ад узурпатарскага рэжыму Лукашэнкі.


Сёння мая краіна знаходзіцца фактычна пад акупацыяй, у закладніках двух крыважэрных дыктатараў. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны тэрор, беларусы больш за два гады працягваюць барацьбу. Многія тысячы паплаціліся свабодай, а некаторыя – жыццём. Беларусы даказалі сваёй барацьбой, што заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне, а не ў губерні на задворках імперыі. Безумоўна, сёння наш лёс моцна звязаны з лёсам Украіны. Пасля пачатку вайны паўтары тысячы чалавек запісаліся ў добраахвонікі, і бяруць удзел у контрнаступе украінскай арміі. Нашы партызаны спыняюць расейскія цягнікі, праводзяць акты сабатажу і непадпарадкавання. Расіянам дагэтуль не ўдалося ўцягнуць беларускіх вайскоўцаў у вайну – гэта сведчанне моцнага грамадскага супраціву. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі, як і ў Расеі, працуе праваенная прапаганда, больш за 90% беларусаў супраць далучэння да вайны.


Я ведаю, што Эстонія моцна падтрымлівае Украіну, і заклікаю вас працягваць гэта рабіць. Сёння любая падтрымка Украіне — гэта і дапамога свабоднай Беларусі. Але падтрымка свабоднай Беларусі сёння — гэта дапамога Украіне. Нішто не стане большай санкцыяй для Пуціна, чым Свабодная Беларусь. Дарагія дэпутаты, Надышоў час пакончыць з вар’яцтвам, распачатым дыктатарамі. І самае галоўнае – спыніць іх беспакаранасць. На мінулым тыдні Эстонскі парламент прызнаў Пуцінскі рэжым тэрарыстычным. Але не забывайце пра Лукашэнку і яго злачынствы. Нельга дазволіць яму пазбегнуць адказнасці. Будуць тыя, хто прапануюць замірэнне. Саступкі. Дыялог. Стомленасць ад вайны будзе накаплівацца. Будзе спакуса перагарнуць старонку. Гэта тое, чаго хочуць дыктатары. І нам з вамі трэба будзе праявіць рашучасць і адзінства.


Працягвайце эканамічны ціск праз санкцыі, пазбаўляйце рэжым рэсурсаў. Неабходна закрыць лазейкі абыходу санкцыяў і карупцыйныя схемы. Трэба пазбавіць Лукашэнку і Пуціна трыбуны ў ААН і АБСЕ. Лукашэнка павінен панесці адказнасць за захоп самалёта Ryanair, штучны міграцыйны крызіс, злачынствы супраць чалавечнасці. Адкрывайце справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Павінен быць створаны трыбунал супраць Лукашэнкі і Пуціна. Шаноўныя сябры Беларусі, Я не прашу вас вызваляць Беларусь за нас. Я разумею, што дэмакратычныя перамены і незалежнасць нашай краіны – гэта справа саміх беларусаў. Але я прашу – будзьце побач.

 

Сёння нам зноў патрэбнае, як ніколі, плячо вернага сябра. Магчыма, 1350 палітычных зняволеных у Беларусі — дробязь на фоне гуманітарнай катастрофы ва Украіне. Магчыма, мы не маем права скардзіцца на катаванні, калі ў суседняй краіне ракеты забіваюць дзяцей. Але гэта ўсё ўзаемазвязаныя рэчы. Без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны. без свабоднай Беларусі не будзе бяспекі ва ўсёй Еўропе. Я заклікаю Эстонію наладжваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі структурамі новай Беларусі. Я заклікаю Эстонію пачаць супрацу з Аб’яднаным пераходным кабінетам, куды ўвайшлі прадстаўнікі асноўных дэмакратычных сілаў.

 

Я спадзяюся на вашую падтрымку ў, міжнародных арганізацыях. Падтрымайце уключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы са статусам назіральнікаў. Падтрымайце ініцыятыву выключэння дэлегацыі Лукашэнкаўскага парламента з Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Далучайцеся да парламенцкай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі і станавіцеся апекунамі палітычных зняволеных. Я ведаю, што Марка Михкельсан і іншыя дэпутаты сустракаліся з Дар’яй Лосік, жонкай Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў. На мінулым тыдні яе затрымалі. Ёй пагражае 7 гадоў турмы. Іх 4-гадовая дачка засталася без бацькоў. Прашу вас: не пераставайце гаварыць пра нашых палітвязняў і рабіць захады для іх вызвалення.


Паважаныя сябры, сто гадоў таму мы разам паказалі, што нашыя народы маюць права на ўласны дом. Разам мы змагаліся з імперыяй. Разам мы пераадолелі і акупацыю СССР, які быў турмой для нашых народаў. І цяпер нам трэба зноў аб'яднацца, каб вызваліць Еўропу ад тыранаў.