За ўнясенне зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прагаласавала 65,16 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў, супраць 10,07 %.

Паводле Цэнтрвыбаркама, удзел у галасаванні прынялі 78,63 % грамадзян.

Гэтыя афіцыйныя дадзеныя абазначаюць адно: улады намалявалі звыклыя 83 % «за» змены ў Канстытуцыю.

 

У сённяшняй сітуацыі лічбы абсалютна не маюць ніякага значэння, кажа палітык, дырэктар цэнтра «Еўрапейскі дыялог», былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька:

 

-Лічбы ў выбарах і рэферэндумах нічога не вартыя ўжо дзесяцігоддзі. Праведзена шэсць парламенцкіх і шэсць прэзідэнцкіх выбараў, ніводныя з іх не былі прызнаная легітымнымі. Гэта звязана з тым, што ў 1995 годзе, калі быў абраны Вярхоўны Савет 13-га склікання ідзе галасаванне выключна пратаколамі, а не бюлетэнямі. Гэта азначае, што пратаколы рыхтуюцца загадзя. Потым Ярмошына, а цяпер Карпенка проста іх агучваюць.

 

Анатоль Лябедзька называе самае галоўнае па выніках: рэферэндум праводзіў нелегітымны прэзідэнт і нелегітымная ўлада, ён праводзіўся нязгодна з міжнароднымі стандартамі:

 

- Няма нават падставаў, каб называць гэта рэферэндумам. Гэта спецаперацыя, якая праводзілася ў зачыненым рэжыме. Ніякіх прававых наступстваў гэта мець не можа. Нават калі Лукашэнка кажа, што мы цяпер можам размяшчаць расійскія ваенныя базы з ядзернай зброяй і ставіць пад прыцэл мільёны беларусаў, то гэта яго тлумачэнне. А для нас няма ніякіх прававых наступстваў. Гэта вельмі важна, таму што каля нас чалавек, які ўжо не кантралюе ні сябе, ні свае паводзіны. Усе законы і пагадненні, якія Лукашэнка будзе падпісваць, гэта толькі паперка, гэта нуль. Лукашэнка сыдзе, усё будзе перагледжана. Ён гэта робіць толькі таму, што вакол яго стаяць вайскоўцы са зброяй. Ні больш таго. Легітымнасці ні ўнутры краіны, ні ад міжнароднай супольнасці не будзе.

 

Дзень рэферэндуму стаў днём пратэстаў супраць удзелу Беларусі ў вайсковых дзеяннях ва Украіне. Улады ў Мінску заявілі, што затрыманыя 800 чалавек. Сёння іх ужо судзяць, саджаючы на суткі.


Людзі, якія выйшлі, перамаглі самую вялікую хваробу беларусаў – страх, кажа Анатоль Лябедзька:

 

-На пачатку вайны я запісаў відэа са ловамі: «Прабачце, нас украінцы». Бо мы ўсё ж з'яўляемся часткай гэтай агрэсіі. У сітуацыі, калі людзі безабаронныя, калі нават за колер шкарпэтак могуць кінуць турму, можа здарыцца ўсё. Але мне падаецца, што зараз час «х» настаў. Сёння ўкраінцы змагаюцца за сваю і нашу свабоду. Гэта трэба разумець. Выстаіць Украіна, значыць будзе Беларусь. Не выстаіць, значыць мы ператворымся ў разнавіднасць Чачні ў складзе РФ з усімі наступствамі. Калі мы зараз не заявім сваю грамадзянскую пазіцыю, то будзем адрэзаныя ад свету. Я не маю права казаць, каб людзі выходзілі, але кожны павінен задумацца. Самая вялікая эпідэмія ў беларусаў – гэта страх. Трэба перамагчы гэтую страшную хваробу, ад якой мы пакутавалі і ў савецкі час, і пры Лукашэнку.

 

На думку Анатоля Лябедзькі, кожны павінен рабіць тое, што ў яго сілах, але памятаючы пра бяспеку. «Мы партызанская краіна. Партызаншчына, у добрым сэнсе гэтага слова, павінна вярнуцца ў Беларусь», кажа палітык.