Размова "Радыё Рацыя" з беларускім апазіцыйным палітыкам Анатолем Лябедзькам.


Радыё Рацыя: Яшчэ ўчора з вамі абмяркоўвалі магчымыя варыянты развіцця падзеяў ва Украіне. А сёння ўжо нават у аэрапорце Івана-Франкоўска падаюць бомбы.

 

Анатоль Лябедзька:

Гэта жах і сорам. На вялікі жаль, поўнамаштабная вайна пачалася, і, падаецца, што яе маштабы будуць толькі павялічвацца. З-за амбіцый хворых людзей на ўладу жыццямі разлічваюцца людзі. У гэтай сітуацыі, канешне, маўчаць нельга. І гэта такі іспыт для ўсіх нас. Для міжнароднай супольнасці, для кожнага чалавека. Кожны мусіць зрабіць свой выбар. І зрабіць нейкія дзеянні. Канешне, гэта трэба асуджаць, пра гэта трэба гаварыць, але патрэбныя і пэўныя дзеянні. Я сёння (24.02) планую прыняць удзел у такім маштабным мерапрыемстве ў скверы Нямцова каля расейскай амбасады. Збяруцца людзі розных нацыянальнасцяў, каб заявіць сваю салідарнасць з украінскім народам і асудзіць пуцінскі рэжым, які развязаў вайну. А сорамна ад таго, што і Беларусь так ці інакш у гэтай кааліцыі агрэсара. Так, гэта кааліцыя Лукашэнкі і Пуціна, але так ці інакш нам, беларусам, мусіць быць сорамна, што рэшткі гэтай нелегітымнай улады прадставілі нашую тэрыторыю для таго, каб і адсюль арганізоўваць напады і правакацыі. Таму мне асабіста сорамна і хочацца сказаць, прабачце нас украінцы.

 

Радыё Рацыя:

Сёння з’явілася інфармацыя, што нібыта з беларускага боку таксама танкі паехалі, а Лукашэнка збірае аператыўную нараду з вайскоўцаў. Так, сапраўды, Лукашэнка ўмяшаны і Беларусь, на жаль, таксама ўмяшаная ў гэты канфлікт.

 

Анатоль Лябедзька:

Так, я як раз заўважыў гэтую інфармацыю, што танкі лязгаюць гусеніцамі і з Беларусі пайшлі ва Украіну. І гэта яшчэ адна аплявуха Аляксандру Лукашэнку, які біў сабе ў грудзі, што з нашай тэрыторыі не будзе ніякай агрэсіі, нападу. Яны нават гэты пункт ставілі ў праект так званай сваёй канстытуцыі. І гэтым паўсюль размахвалі, што мы, маўляў, адмаўляемся ад нейтральнага статусу, бязядзернага статусу, але, глядзіце, яны запісалі ў свой праект канстытуцыі, што з нашага боку не будзе ніколі аніякай агрэсіі. І што? Не паспелі прагаласаваць за так званую канстытуцыю, а ўжо танкі лязгаюць гусеніцамі і менавіта з Беларусі ідуць у бок Кіева. Гэта яшчэ раз сведчыць, што Аляксандр Лукашэнка проста згубіў усялякую самастойнасць, няма ў яго ніякіх узброеных сілаў, не ўплывае ён на тое, што робіцца на яго тэрыторыі. І якія б нарады ён там не збіраў… ён будзе, магчыма, гаварыць пра нейкія правакацыі з боку ўкраінцаў, з боку «бандэраўцаў», што нам патрэбны нейкі хаўрус з нашымі братамі. Якімі братамі? Калі ўкраінцы беларускай прапагандай зусім нядаўна падаваліся як нашыя браты. Атрымліваюцца, што беларусы так ці інакш удзельнічаюць у вынішчэнні сваіх братоў, сваіх суседзяў. Так што сітуацыя ў яго яшчэ больш кепская, загнаў ён сябе абсалютна ў кут. Гэта чалавек, у якога нават няма узброеных сілаў, ёсць нейкая ЧВК і не больш таго. Яму зараз будзе плаціць Пуцін за кроў украінцаў. Я думаю, што знойдуцца і беларусы, якія выйдуць на вуліцу з плакатамі «Не агрэсіі», «Мы не будзем забіваць украінцаў». Я на гэта разлічваю, таму што гэта пытанне гонару для ўсіх нас, беларусаў.

 

Цалкам размова: