Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Свабода пагутарыла зь беларусамі, якія страцілі працу за сваю грамадзянскую пазыцыю.

«Не за таго кандыдата падпісалася», «Удзельнічала ў назіраньні», «Адкрыта расказваў пра зьдзекі на Акрэсьціна», «Выйшла зь дзяржаўнага прафсаюзу», «Падпісала ліст супраць гвалту і за новыя выбары», «Хадзіла на працу ў футболцы з Пагоняй», «Кіраўніцтва знайшло крамолу ў маіх сацыяльных сетках», — гэта далёка ня поўны пералік прычын звальненьня беларусаў.

«Я, настаўніца, выйшла на маршы, бо мне было сорамна за наша пакаленьне»


Натальля (імя зьменена ў мэтах бясьпекі, зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС) працавала настаўніцай. Выйшла на восеньскія маршы ў 2020 годзе, бо «было сорамна за наша пакаленьне, гэта ж мы вінаватыя ў тым, што робіцца».

Яе затрымлівалі двойчы — у кастрычніку і лістападзе 2020 году.

«Пасьля затрыманьня дырэктарка прапанавала напісаць заяву на звальненьне з адкрытай датай. У сярэдзіне навучальнага году мяне ня сталі звальняць. У сакавіку-красавіку ў школе, як заўжды, была тарыфікацыя, разьмяркоўвалі гадзіны ўрокаў на наступны год. Мне тады сказалі: „Для вас гадзін няма“, хоць гадзіны былі, і шмат. І цяпер нават ёсьць вакансія па маім прадмеце. Потым летам дырэктарка „вяла барацьбу“ са мной. То я добрая настаўніца, то мяне трэба звальняць. Дырэктарка баялася, што ёй „прыляціць“ за мяне, што ня звольніла. У выніку яна вырашыла звольніць. Я мела час, таму знайшла іншую працу, мяне адразу пагадзіліся ўзяць», — расказвае Натальля.

На іншай працы яе папрасілі прынесьці характарыстыку з папярэдняй.

У характарыстыцы было адзначана, што Натальля «паказала ўмелае валоданьне традыцыйнымі і сучаснымі тэхналёгіямі ў адукацыйным працэсе», мае «пэдагагічны такт, зацікаўленасьць у сваім прадмеце», «дзякуючы ёй значна павысілася выніковасьць дасягненьняў навучэнцаў».

У ліку асабістых якасьцяў дырэктарка назвала «ўважлівасьць да людзей, любоў да працы, спагадлівасьць, сьціпласьць, павагу сярод калегаў, навучэнцаў і бацькоў».

Разам з тым кіраўніца напісала: «Не падтрымлівае дзяржаўную палітыку, актыўна ўдзельнічае ў несанкцыянаваных мітынгах, двойчы затрымлівалася».

З такой характарыстыкай Натальлю не ўзялі на працу ва ўстанову адукацыі.


«Чаму я хадзіла на маршы? Як я магла застацца ўбаку! У нас вялікая школа... Але толькі, можа, тры настаўнікі адкрыта гаварылі пра сваю пазыцыю. Астатнія „ў кулюарах“ казалі, што „мы за вас, вы малайцы, вы там ваюйце, перамагайце, потым будзем піць шампанскае“. Калі я выйшла на вуліцы, то мяне зьдзівіла, што большасьць была, як мне падалося, моладзь. Я адчувала віну, бо мне здаецца, наша пакаленьне вінаватае ва ўсім, што адбываецца. Я пыталася ў маладых людзей — дзе вашы бацькі? Ці яны дома стаяць, сочаць за тым, што адбываецца, каля вакна? Сорамна за наша пакаленьне. Вы думаеце, я ня ведала пра Курапаты, пра Ноч расстраляных паэтаў, пра Паўла Севярынца? Але я нічога не рабіла тады... Думала толькі: „Бедныя людзі...“ Неяк так», — дадала Натальля.

«Фармулёўка пры звальненьні „Ну вы самі ўсё разумееце“ — проста забойчая!»

Аксана (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) 15 гадоў працавала на буйным дзяржаўным прадпрыемстве. Яна мае вузкую тэхнічную спэцыялізацыю, таму работнікам была запатрабаваным. Апроч асноўнай працы, актыўна займалася грамадзкай — была ў прафкаме, удзельнічала ў спартовых спаборніцтвах, культурных імпрэзах. Была на вачах у начальства. Тое яе цаніла.

«На жнівень-2020 я мэтанакіравана ўзяла адпачынак. Вырашыла пайсьці ў незалежныя назіральнікі. Прайшла навучаньне ад „Честных людей“ і „Вясны“. У першы дзень датэрміновых выбараў нас не пусьцілі на ўчастак і мы зафіксавалі парушэньні. Напісалі шэраг скаргаў у тэрытарыяльную камісію. І літаральна назаўтра, як я потым даведалася, майму кіраўніцтву тэлефанавалі з КДБ з „просьбай“, каб мяне „супакоілі“, каб я „нікуды ня лезла“. Я была ашаломленая. Працягнула назіраньне, але скаргаў не пісала. Позна вечарам 9 жніўня мы назіралі пад участкам, як АМАП выводзіў з чорнага ходу чальцоў камісіі і яны цугам прабіраліся да аўтазаку. Мы рынуліся туды, але нас разагналі», — успамінае Аксана.

Калі яна вярнулася ў жніўні на працу, то напісала заяву на выхад з прафсаюзу. Была адной з ініцыятараў падпісаньня адкрытага ліста прадпрыемства за новыя выбары і супраць гвалту. Потым хадзіла на маршы, трапіла пад затрыманьне і ўдар дручком. Але да адказнасьці Аксану не прыцягнулі — скончыўся тэрмін.

«Як я трапіла пад затрыманьне, то мяне дырэктар потым выклікаў на гутаркі. Казаў: „Ты разумееш, што ты робіш? Куды ты лезеш?“. Увесну 2021 году ў мяне заканчваўся кантракт. Мне спачатку далі паперу падпісаць, што яго працягваюць. Але потым дырэктар выклікаў і сказаў, што мы мусім разьвітацца. Чаму? Вось гэтая фармулёўка „Вы самі ўсё разумееце“ — яна проста забойчая! Кіраўнік дадаў: „Што тут казаць, калі ты носіш футболку з Пагоняй?“. Яшчэ такі момант: дырэктар заявіў мне, што я пераводзіла грошы ў фонды салідарнасьці. Так, пераводзіла. Але і гэта ім стала вядома! Хоць да маёй працы гэта ня мае ніякага дачыненьня», — зазначыла Аксана.

Суразмоўца кажа, што ёй было крыўдна, што праз 15 гадоў адданай працы яе звальняюць.

«Але ў дні звальненьня мне патэлефанавалі зь некалькіх прадпрыемстваў — прыватных, натуральна, і прапанавалі працу. Дырэктар мне казаў, каб я і не спрабавала ўладкоўвацца ў дзяржаўныя канторы, бо я ў „чорных сьпісах“. Я і сама не хацела. Я любіла сваю працу, сумую па калегах, па калектыве, але не па прадпрыемстве. Апошні год там было моташна працаваць... Людзі ходзяць, усьміхаюцца, а ты ведаеш, што яны былі ў камісіі і фальсыфікавалі выбары», — кажа Аксана.

Яна дадае, што на мінулым тыдні на прадпрыемства, дзе яна працавала, прыйшлі чарговыя «сьпісы з КДБ».

«Там каля 80 чалавек — гэта тыя, з кім правесьці гутарку, бо набліжаецца рэфэрэндум, папярэдзіць іх, каб „нікуды ня лезьлі“, бо ў адваротным выпадку пяройдуць са „сьпісу нумар два“ ў „сьпіс нумар адзін“ — на звальненьне. І невялікі сьпіс — на абавязковае звальненьне да Новага году. Дырэктар казаў, што сам ня ведае лёгікі тых сьпісаў. Магчыма, нехта ставіў подпісы не за таго кандыдата», — дадала Аксана.

Сама яна задаволеная тым, што цяпер мае працу не на дзяржаўным прадпрыемстве. «Бо на дзяржаўным цяпер заціскаюць гайкі моцна, прымушаюць усіх абавязкова ўступаць у прафсаюз, сочаць, даносяць адзін на аднаго... Атмасфэра цяжкая даволі. Людзі баяцца страты працы вельмі моцна», — дадала Аксана.

«Звольнілі адным зь першых, бо адкрыта гаварыў пра зьдзекі на Акрэсьціна»

Мікалай Яўтушэнка працаваў вядучым спэцыялістам у наборы і навучаньні пэрсаналу ў «Дабраноме». Кажа, што пад затрыманьне 9 жніўня 2020 году трапіў выпадкова. Быў зь сябрамі на шашлыках на Менскім вадасховішчы, потым не маглі выклікаць таксоўку — не працаваў інтэрнэт. Так апынуліся на Пераможцаў, дзе іх затрымалі.

«Наляцелі зьнянацку на нас чалавек сорак з АМАП, закінулі ў аўтазак. Адзінае, што на мне быў белы бранзалет (у тыя дні сымбаль пратэсту. — РС). Мяне так схапілі, што мае тапкі апынуліся, можа, на суседняй вуліцы. Так босы і паехаў, так і сядзеў да 16 жніўня. Праўда, калі на Акрэсьціна быў так званы суд, мне на час працэсу далі тапкі. Але потым забралі. Ну, натуральна, мне папала дручкамі, як і ўсім. Мы выйшлі потым з Жодзіна, як тыгры, такой афарбоўкі. Усе ў пісягах, гематомах ад дручкоў. Значыць — наступны год наш, бо ён — Год тыгра», — жартуе Мікалай.

Ён да 10 жніўня быў на бальнічным, але 10-га з прычыны затрыманьня не зьявіўся на прыём. Таму на працы пачаліся праблемы.

«Адразу, як я выйшаў з Жодзіна, я пачаў адкрыта даваць камэнтары СМІ і гаварыць пра зьдзекі там. Па вызваленьні яшчэ і ў Маскву паехаў, каб там расказаць пра гэта. І вось ужо ў Маскве пісаў заяву на звальненьне, як патрабавала кіраўніцтва. Адпраўляў яе праз Viber. Тым часам мяне ў Менску ўжо міліцыя шукала, бо шмат балбатаў. Вырашыў не вяртацца. Паехаў у Кіеў, потым у Варшаву. Мне СК заблякаваў банкаўскі рахунак — за тое, што мне фонды дапамагалі, ДФР КДК шукаў за нейкія нібыта эканамічныя злачынствы. Мне вяртацца пакуль ніяк нельга», — кажа Мікалай.

Цяпер ён вучыцца ў Варшаўскім унівэрсытэце і падпрацоўвае ў друкарні. Неўзабаве мужчыну чакае апэрацыя — у яго анкалёгія сярэдняга вуха.

«Я ні пра што не шкадую! Я столькі добрых людзей сустрэў на сваім шляху! Ганаруся, што магу быць часткай гэтага гістарычнага моманту», — дадаў Мікалай.