РР: Што могуць зрабіць беларусы, каб захаваць краіну. Вы выступаеце з такім відэа і адпаведна акцэнтуеце ўвагу на гэтым пытанні. Чаму тэма актуалізавалася, і чаму мы зараз на гэтую тэму маем разважаць?
Анатоль Лябедзька: Тэма незалежнасці і суверэнітэту Беларусі – гэта тэма з барадой, відаць дакладна пасля 1996 года, калі адбыўся канстытуцыйны рэферэндум і Беларусь з краіны, якая была на такім перакрыжаванні, ператварылася ў аўтарытарную краіну з вельмі спецыфічнай унутранай знешняй палітыкай. І гэтыя пагрозы пачалі ўзнікаць адна за адной. Проста калісьці хвалі цунамі падыходзяць, а калісьці іх няма, але ўвесь час такі стан. Так што гэта не новая сітуацыя, мы проста гаворым пра спецыфіку сённяшняга часу, таму што пра гэта нельга не гаварыць, таму што такое цунамі зараз па ўсім свеце.
РР: Яно звязанае з чым менавіта? Гэта атрымліваецца толькі вось гэтая агрэсія Расеі ва Украіне ці спецыфіка дэмакратыі, якая абсалютна не развіваецца.
Анатоль Лябедзька: Гэта звязана найперш з вайной, якую Пуцін развязаў ва Украіне. І зараз мы бачым, што мы набліжаемся да нейкага новага перадзелу свету. Якім ён будзе, тут шмат пытальнікаў, шмат незразумеласцяў, і пра гэта мы мусім думаць, што мы можам зрабіць. За гэты апошні час пасля 2020 года, на вялікі жаль, беларуская незалежнасць не ўмацоўвалася. Мы бачым гэта на канкрэтных прыкладах, мы бачым, што фактычна ўся эканоміка завязаная на расейскі рынак, пераважная большасць. І калісьці Лукашэнка заяўляў пра форму 33+33, што трэба роўныя такія размеркаванні паміж Расеяй і Еўрапейскім звязам, каб гандаль развіваўся. Гэта агучвалася публічна. Але на сёння мы маем тое, што маем. Рынак асноўны расейскі, калі мы гаворым пра энерганосьбіты, то гэта 100% залежнасць ад Пуціна. Калі мы бяром аспекты ваенныя, то апошнія пагадненні паміж Пуціным і Лукашэнкам фіксуе магчымасць Пуціна ўводзіць свае войскі зыходзячы са свайго бачання ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі.
Канешне, такія факты сведчаць пра тое, што працэс чачанізацыі Беларусі працягваецца. Калі мы гаворым пра нейкія параўнанні Украіны і Беларусі, то мэты Пуціна і там, і тут аднолькавыя. Гэта інкарпарацыя Украіны і інкарпарацыя Беларусі. Мы бачым толькі сродкі дасягнення гэтай мэты розныя. Калі ва Украіне гэта адкрытая агрэсія, гэта бомбы, дроны, забойствы, у Беларусі абраная іншая стратэгія, але, падкрэсліваю, вынік мусіць быць для Пуціна адзін і той жа. Ні Украіны, ні Беларусі ён не бачыць на Еўрапейскай сусветнай мапе.
РР: Новы падзел свету гэта і перамовы паміж ЗША і Пуціным, бо і ўчора з’яўлялася розная інфармацыя, што Пуцін прапануе зрабіць перамір’е на тых кропках, дзе стаяць зараз войскі. І быццам гэтыя перамовы ідуць, і ў выніку гэта можа прывесці да новага падзелу свету?
Анатоль Лябедзька: Новая якасць сітуацыі ў тым, што зараз няма агульнай еўраатлантычнай прасторы. Калі раней нашы наратывы, якія былі скіраваныя да Брусэля і да Вашынгтона, былі аднолькавыя, то зараз мы змушаныя мець свой план дзеянняў датычна ЗША і датычна Еўрапейскага звязу, і іншыя выспы, такія, як Брытанія, Канада і г.д. То бок гэта ўжо новая якасць сітуацыі. Ты не можаш ехаць у Вашынгтон, ці, напрыклад, у Берлін, ці Парыж з аднолькавым планам дзеянняў. Гэта таксама пэўны выклік для дэмакратычных сілаў, мы пра гэта мусім думаць і таксама мы павінны ўлічваць вось гэтую спецыфіку, якая зараз існуе, і тое, што можа адбыцца ва Украіне. Я перакананы, што далёка не ўсе палітыкі разумеюць, што Беларусь – гэта ключ для еўрапейскай бяспекі.