Дарадцы Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька, а таксама іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі правялі шэраг сустрэчаў у Канцылярыях прэм’ера і прэзідэнта Польшчы, польскім МЗС і парламенце, а таксама з дыпламатычнай супольнасцю.
З кім адбыліся сустрэчы і якія вынікі?
- З Паўлам Грасем, Кіраўніком Кабінета прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска абмеркавалі рэгіянальную бяспеку і супольную дзейнасць падчас старшынства Польшчы ў Радзе ЕС, вынікі форуму Касцюшкі і сустрэчы міністраў краінаў ЕС па еўрапейскіх справах.
- З намесніцай дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС Аннай Костшэвай-Міштал і спецпрадстаўніком па Беларусі Адамам Халацінскім дамовіліся, што ў траўні пройдзе першае пасяджэнне міжміністэрскай працоўнай групы па вырашэнні пытанняў легалізацыі, візаў, відаў на жыхарства і міжнароднай абароны беларусаў у Польшчы.
- З Марцінам Лапчынскім, дырэктарам Бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы, з якім абмеркавалі дэталі ўдзелу Святланы Ціханоўскай на 10-ы Саміце Ініцыятывы Трохмор’я ў Варшаве.
- З Парламентарыямі Аляксандрай Вішнеўскай, Рышардам Петру, а таксама з Робертам Тышкевічам абмеркавалі прыняцце польскай рэзалюцыі аб непрызнанні бязвыбараў, падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве дэмакратычных сілаў і польскага парламента, паляпшэнне прававога рэгулявання для беларускай дыяспары, а таксама прававую экспертызу Канстытуцыі Новай Беларусі з удзелам Венецыянскай камісіі.
- З амбасадарамі Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі пры АБСЕ закранулі пытанні далейшага супрацоўніцтва і падзякавалі за заяву аб непрызнанні «выбараў» у Беларусі.