Сейм Польшчы разгледзіць рэзалюцыю аб непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пасля ўнясення паправак.
Позірк. Галасаванне па рэзалюцыі аб непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Сеймам Польшчы адбудзецца пасля разгляду паправак камісіяй па замежных справах. Хутчэй за ўсё дэпутаты прагаласуюць за дакумент на наступнай сесіі, запланаванай на 2-4 красавіка, паведамілі “Позірку“ дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
За праект рэзалюцыі польскі парламент збіраўся галасаваць 20 сакавіка. Пасля гэтага ў Сейме планавалася адмысловая прэс-канферэнцыя. Аднак напярэдадні падчас слуханняў, у якіх узяў удзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, у праект дакумента былі ўнесеныя дзве папраўкі, якія да пасяджэння Сейма ў чацвер профільная камісія разгледзець не паспела.
“Чыста тэхнічнае пытанне, не паспелі аформіць працэдурна”, — паведаміла крыніца.
У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі “прайшлі з парушэннем міжнародных стандартаў”, Сейм “выказвае глыбокую занепакоенасць” палітычнай сітуацыяй у суседняй краіне.