БРЫТАНІЯ. ПАРЛАМЕНТ
У парлямэнце Вялікай Брытаніі 20 сакавіка створаная ўсепартыйная група «За дэмакратычную Беларусь», паведаміў агенцтву «Позірк» (https://pozirk.online/) старэйшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Паводле яго слоў, група стане «дадатковай пляцоўкай для ўзмацненьня падтрымкі беларускага руху з боку Вялікай Брытаніі».
Групу ўзначаліла сябра Кансэрватыўнай партыі, «ценявы» міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Уэндзі Мортан. У папярэднім складзе брытанскага парлямэнта аналягічную групу ўзначальваў лейбарыст Тоні Лойд (памёр у студзені 2024 году, парлямэнцкія выбары прайшлі ў ліпені таго ж году).
4 сакавіка дарадца Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў міжпарлямэнцкі альянс «За дэмакратычную Беларусь» уваходзяць 23–24 парлямэнцкія групы, гэтая колькасьць зьмяняецца ў залежнасьці ад выбараў у заканадаўчыя органы ўлады, якія праходзяць у краінах гэтага альянсу.
Аб стварэньні альянсу «За дэмакратычную Беларусь» аднайменнымі групамі ў парлямэнтах шэрагу дэмакратычных краін было абвешчана ў сакавіку 2023 году. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж году ў Бэрліне.
6-7 сакавіка сёлет ў Рыме прайшла другая канфэрэнцыя Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» пад назвай «Правы і аўтарытарызм — кейс Беларусі». Падчас яе абмяркоўвалі, як захаваць Беларусь у міжнародным парадку дня і як супрацьстаяць ролі Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны.
У форуме альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» прынялі ўдзел прадстаўнікі 17 парлямэнтаў розных краін, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, беларускія экспэрты і праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі «народных амбасадаў». Па выніках дэпутаты 17 эўрапейскіх краін падпісалі Рымскую дэклярацыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Пра што гаворка ў Рымскай дэклярацыі
У Рымскай дэклярацыі сваёй агульнай мэтай парлямэнтары заяўляюць «аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі праз свабодныя і справядлівыя выбары і спрыяньне інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскія структуры».
У ёй парлямэнтары падкрэсьліваюць, што Лукашэнка і ягоны «парлямэнт» зьяўляюцца нелегітымнымі, а іх рашэньні ня маюць юрыдычнай сілы, а таксама заклікаюць усе нацыянальныя парлямэнты і міжнародныя парлямэнцкія арганізацыі падтрымліваць Сьвятлану Ціханоўскую як прадстаўніцу беларускага народа рознымі спосабамі, разьвіваць супрацоўніцтва з Аб’яднаным пераходным кабінэтам міністраў, Каардынацыйнай радай, беларускімі дэмакратычнымі партыямі, няўрадавымі арганізацыямі і незалежнымі СМІ.
Сярод прыярытэтных задач, названых у Рымскай дэклярацыі, якую падпісалі 30 парлямэнтароў з 17 краінаў:
-- спыненьне рэпрэсіяў і вызваленьне ўсіх палітвязьняў у Беларусі;
-- садзейнічаньне інтэграцыі беларусаў, якія вымушаныя пакінуць краіну з прычыны рэпрэсій, на аснове рэкамэндацый, выкладзеных у Люксэмбургскіх рашэньнях;
-- правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ;
-- шуканьне магчымасьцяў тэхнічнай дапамогі для падтрымкі працы беларускіх СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці;
-- падтрымка беларускіх антываенных ініцыятываў на фоне працягу вайны Расеі супраць Украіны,
прыцягненьне прадстаўнікоў беларускага рэжыму да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.