МІЖПАРЛАМЕНЦКІ АЛЬЯНС \ ДРУГАЯ СУСТРЭЧА \ ПАРЛАМЕНТ ІТАЛІІ \ ВЫНІКІ
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, падсумоўваючы практычныя вынікі другой сустрэчы Міжпарламенцкага Альянса, па-першае, адзначыў рашэньне італьянскага парлямэнту зрабіць адмысловы запыт пра павелічэньне колькасьці візаў для беларусаў і нагадаў, што італьянская амбасада — «сярод краінаў, якія выдаюць найбольшую колькасьць візаў беларусам».
Другім важным вынікам канфэрэнцыі ён назваў так званую Рымскі Мемарандум, якую падпісалі 30 парлямэнтароў з розных краін.
«Гэта супольны мэмарандум, у якім гаворыцца пра вызваленьне палітвязьняў, пра ціск на Лукашэнку, пра непрызнаньне лукашэнкаўскага рэжыму, пра падтрымку беларускіх незалежных мэдыя і дэмакратычнай супольнасьці. Важна, што гэта зафіксавана на паперы, і гэты дакумэнт потым усе парлямэнтары прынясуць у свае нацыянальныя парлямэнты ці Эўрапейскі парлямэнт», — кажа Франак Вячорка.
Джуліё Тэрцы, старшыня Пастаяннай камісіі Сэнату ў справах Эўразьвязу, на завяршэньне другой сустрэчы падзякаваў Міжпарламенцкага Альянсу у Рыме, падзякаваў Сьвятлане Ціханоўскай за наведваньне шэрагу гарадоў Італіі, падчас якіх яны разам сустрэліся з многімі людзьмі, прадстаўнікамі шматлікіх арганізацый і асацыяцый, а таксама журналістамі ў Міляне, Балоньні, Флярэнцыі і Рыме. Ён выказаў асабістую ўдзячнасьць Ціханоўскай за працу, якую яна робіць, «паказваючы італьянцам, што ёсьць іншая Беларусь, што Беларусь — гэта не рэжым, гэта і людзі, якія жадаюць свабоды». «І я думаю, вы адчулі, што італьянцы з вамі», — сказаў ён.
Па выніках канфэрэнцыі дэпутаты дамовіліся працаваць разам у парлямэнцкіх асамблеях і міжнародных арганізацыях і фармалізаваць адносіны паміж дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі парлямэнтамі.
Італьянскі сэнатар Філіпа Сэнсі, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь», адзначыў, што група прыхільнікаў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў італьянскім парлямэнце «самая шматлікая сярод аналягічных групаў у сьвеце» (у ёй больш за 60 дэпутатаў), што робіць Італію «ідэальным кандыдатам для правядзеньня гэтай сустрэчы» — менавіта таму месцам яе правядзеньня абралі Рым.
Як распавёў Філіпа Сэнсі, на канфэрэнцыі прысутнічалі італьянскія парлямэнтары, якія прадстаўляюць як парлямэнцкую большасьць, так і апазыцыю: «Гэта ўзмацняе наша пасланьне аб тым, што мы ўсе аб’яднаныя ў падтрымцы каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі для Беларусі».
Паводле італьянскага сэнатара, у парлямэнце ягонай краіны гучыць тэма Беларусі: у прыклад ён прывёў нядаўна прэзэнтаваны двухпартыйны законапраект (legge bipartisan — законапраект, які прапанавала і падтрымлівае як парлямэнцкая большасьць, так і апазыцыя), які датычыцца пытаньня павелічэньня колькасьці візаў для беларусаў. Ён адзначыў, што сябры ягонай парлямэнцкай групы спрабуюць ня толькі казаць пра іншыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў Італіі, але і зрабіць нешта для іх вырашэньня. Таксама яны наведваюць акцыі пратэсту, якія ладзіць беларуская дыяспара ў Італіі.
Філіпа Сэнсі падкрэсьліў важнасьць таго, каб парлямэнтары трымалі ў парадку дня тэму беларускіх палітвязьняў, былі іх «голасам» — расказваючы пра іх у сацыяльных сетках, з дапамогай палітычных ініцыятываў, размаўляючы з урадамі сваіх краін.
«Ня толькі, каб пра іх не забылі, але і таму, што праблема беларускіх палітвязьняў — гэта праблема Эўропы, гэта пытаньне якое датычыцца свабоды і дэмакратыі ў такі складаны момант і для Эўропы таксама. Калі Эўропа хоча зрабіць крок наперад у абароне сваіх каштоўнасьцяў, яна павінна гаварыць пра Беларусь і пра беларускіх палітвязьняў», — адзначыў ён.