Рейтинг: 5 / 5

Звезда активнаЗвезда активнаЗвезда активнаЗвезда активнаЗвезда активна
 

Валер Карбалевіч


Упершыню выбарчая кампанія праходзіць без удзелу палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Выбары бяз выбару: без палітычных дыскусій, без агітацыі, з прымусовым зборам подпісаў на карысьць дзейнага ўладара. Нават пры гэтым улады маглі б зрабіць імітацыю больш натуральнай, праўдападобнай. Але прыроду рэжыму зьмяніць нельга.

Сьцісла:
Не пакідае адчуваньне штучнасьці, несапраўднасьці ўсёй кампаніі пад назвай «прэзыдэнцкія выбары».

Выбарчая кампанія праходзіць у абстаноўцы малазразумелай, нават надзвычайнай сакрэтнасьці.

Улады засакрэцілі склад выбарчых камісій. Бо цяпер ахвотных увайсьці туды няшмат, людзі баяцца адказнасьці за фальсыфікацыі.

Таксама засакрэчаны колькасны склад ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў.

Калі ў грамадзтве няма ніякай цікавасьці да выбараў, а іх вынік перадвызначаны, то без падтрымкі дзяржаўнага апарату сабраць за месяц 100 тыс. подпісаў амаль немагчыма.

У прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі надышла часовая паўза. Скончыўся этап збору подпісаў, прэтэндэнты на вышэйшую пасаду ў дзяржаве падалі ў ЦВК неабходныя дакумэнты, ідзе іх праверка. 23 сьнежня будуць афіцыйна зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Усё строга паводле графіку.

Аднак не пакідае адчуваньне нейкай штучнасьці, несапраўднасьці ўсёй гэтай дзеі. Тое, што ўпершыню кампанія праходзіць без удзелу палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, ужо ўсе адзначалі. Выбары бяз выбару. Праўда, нават пры гэтым улады маглі б зрабіць імітацыю больш натуральнай. Але прыроду рэжыму зьмяніць нельга.

Найперш, зьвяртае на сябе ўвагу, што выбарчая кампанія праходзіць у абстаноўцы нейкай малазразумелай, нават надзвычайнай сакрэтнасьці. Хоць празрыстасьць, публічнасьць — важная прыкмета сапраўды дэмакратычных выбараў. Гэта проста азы падручніка па дэмакратыі і выбарчым працэсе.

Засакрэцілі склад выбарчых камісій. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка тлумачыць гэта тым, што трэба схаваць прозьвішчы асобаў гэтых камісій ад замежных спэцслужбаў (?!). Насамрэч таямніца тлумачыцца даволі проста. Пасьля 2020 году чальцы выбарчых камісій перажылі немалы шок ад народнага пратэсту: на некаторых участках Менску іх давялося эвакуаваць праз чорныя выхады з дапамогай АМАПу, бо ля дзьвярэй іх чакалі выбаршчыкі, каб даведацца вынікі. Таму цяпер ахвотных зноў увайсьці ў склад гэтых структур няшмат: людзі баяцца адказнасьці за фальсыфікацыі. У выніку ўладам даводзіцца зьвяртацца да ананімнасьці, каб набраць людзей у гэтыя камісіі.

Таксама ўлады засакрэцілі колькасны склад ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў. Хоць на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах гэтая інфармацыя заўсёды была адкрытая. Яна насамрэч важная. Справа ў тым, што досьвед мінулых прэзыдэнцкіх кампаній, падчас якіх рэальна зьбіралі неабходныя 100 тыс. подпісаў, паказаў важную акалічнасьць: выканаць гэтую задачу маглі толькі тыя ініцыятыўныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чальцоў. І калі цяпер высьветліцца, што склад камандаў кандыдатаў невялікі, то яшчэ больш заўважнай стане ўся прафанацыя, хлусьня.

Таксама ўлады не паведамляюць, колькі насамрэч подпісаў сабралі прэтэндэнты. Ёсьць заявы ад камандаў саміх кандыдатаў зь нейкімі лічбамі, зьявілася таксама інфармацыя па некаторых абласьцях. Аднак дакладных і поўных дадзеных ад ЦВК пакуль няма. Магчыма, яны зьявяцца па выніках праверкі сапраўднасьці подпісаў і рэгістрацыі 23 сьнежня. Аднак жа і тут захоўваецца пэўная таямніца. Чым яна тлумачыцца?

Падаецца, гэтую інфармацыю хаваюць дзеля таго, каб не бянтэжыць публіку. Бо ўсе бачылі адзінкавыя пікеты ў гарадах, да якіх мала хто падыходзіў. Няма паведамленьняў, каб чальцы ініцыятыўных груп масава хадзілі па кватэрах, зьбіраючы подпісы. І калі пасьля ўсяго гэтага будзе абвешчана, што за прэтэндэнтаў падпісалася вялізная колькасьць выбаршчыкаў, гэта выкліча вялікія сумневы. Бо калі ў грамадзтве няма ніякай цікавасьці да выбараў, а іх вынік перадвызначаны, то рэальна сабраць 100 тыс. подпісаў за месяц без падтрымкі дзяржаўнага апарату амаль немагчыма.

Тут можна ўзгадаць цікавы эпізод з гісторыі беларускіх выбарчых кампаній. Былая старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ў інтэрвію агенцыі БелТА 15 студзеня 2018 году зазначыла, што 100 тыс. подпісаў, якія трэба сабраць кандыдату ў прэзыдэнты, — зашмат. Яна тады казала:

«Нам таксама трэба зьмяншаць колькасьць подпісаў, прынамсі даводзіць хаця б да аднаго працэнта ад колькасьці выбаршчыкаў. Дапусьцім, калі зыходзіць з колькасьці выбаршчыкаў прыкладна ў 7 млн, неабходная колькасьць сабраных подпісаў можа даходзіць да 70 тыс... Справа ў тым, што на дадзены момант безь вялікіх грошай альбо бяз значнага адміністрацыйнага рэсурсу сабраць подпісы вельмі складана».

Але тут варта заўважыць, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году шэсьць кандыдатаў сабралі па 100 тыс. подпісаў, прычым за 20 дзён (!). А цяпер за 30 дзён амаль ніхто сабраць ня можа. Чаму? Бо ў 1994 годзе ў Беларусі былі сапраўдныя выбары, сапраўднае палітычнае жыцьцё, сапраўдная канкурэнцыя. Людзі адчувалі сябе грамадзянамі, разумелі, што ад іх галасоў нешта залежыць, а таму станавіліся ў чаргу, каб падпісацца за кандыдатаў. І ніякіх праблем з подпісамі не было.

А за 30 гадоў панаваньня Лукашэнкі публічная палітыка ў краіне фактычна зьнікла. Разам з выбарамі. Яны сталі нікому не цікавыя. Таму людзі і ня хочуць гуляць у гэтую гульню. Толькі вяртаньне ў краіну сапраўдных выбараў можа вырашыць праблему.

А пакуль у Беларусі адбываюцца такія выбары-«бязвыбары». Без палітычных дыскусій, без агітацыі, з прымусовым зборам подпісаў на карысьць Лукашэнкі (у яго падтрымку нібыта сабралі 2,5 млн подпісаў). Імітацыя, даведзеная да абсурду.