Рейтинг: 5 / 5

Звезда активнаЗвезда активнаЗвезда активнаЗвезда активнаЗвезда активна
 

Чаго Лукашэнку чакаць ад Трампа.

Аналіз Карбалевіча

 

Вяртаньне Дональда Трампа ў Белы дом здольнае істотна паўплываць на разьвязаньне праблем у рэгіёне Ўсходняй Эўропы.

На тым, якой тут будзе стратэгія новага-старога прэзыдэнта ЗША, можа адбіцца ягоны папярэдні досьвед прэзыдэнцтва. Згадваем, як складаліся беларуска-амэрыканскія дачыненьні ў 2016–2020 гадах.

Сьцісла:

--- Ад пачатку палітычнай кар’еры Дональда Трампа Аляксандар Лукашэнка дэманстраваў да яго непрыхаваную сымпатыю. Бо Трамп абяцаў у замежнай палітыцы кіравацца прагматызмам.

--- Спадзевы Лукашэнкі на нармалізацыю амэрыкана-беларускіх адносін спраўдзіліся толькі часткова.

--- Каманда Трампа толькі цяпер пачне распрацоўваць Стратэгію вырашэньня праблем Усходняй Эўропы.

Прэзыдэнцкія выбары, якія толькі што адбыліся ў ЗША, узрушылі ня толькі палітызаваную публіку, якая заўсёды сочыць за палітычнымі падзеямі, але і абыякавага да палітыкі абывацеля ў многіх краінах. Пераканаўчая перамога ня толькі Дональда Трампа, але і Рэспубліканскай партыі на выбарах у Сэнат, кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай азначаюць вялікія зьмены ў палітыцы ЗША, якую цяпер будуць вызначаць кансэрватары. Як гэтыя зьмены паўплываюць на Беларусь?

Тут варта зьвярнуцца да досьведу папярэдняй прэзыдэнцкай кадэнцыі Дональда Трампа. Трэба адзначыць, што з самага пачатку палітычнай кар’еры амэрыканскага прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка дэманстраваў да яго непрыхаваную сымпатыю. І яе матывы цалкам зразумелыя. Бо Трамп абяцаў у сваёй палітыцы не акцэнтаваць увагу на каштоўнасьцях, абароне дэмакратыі і правоў чалавека ў іншых краінах, а ў замежнай палітыцы кіравацца прагматызмам. І гэта магло б зьняць перашкоды да нармалізацыі адносін амэрыканскай адміністрацыі зь беларускім рэжымам.

У час прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе Лукашэнка спрагназаваў, што пераможа Трамп. І абгрунтаваў гэта тым, што амэрыканцы яшчэ не гатовыя масава галасаваць за жанчыну (Гілары Клінтан). «Прыйшоў да ўлады амэрыканскі грамадзянін, які любіць Амэрыку і які хоча, каб гэтая краіна была яшчэ больш магутная, чым цяпер», — казаў ён тады.

Віншаваньні Лукашэнкі на адрас пераможцы на тагачасных выбарах былі надзвычай цёплыя: «Ваша перамога — сьведчаньне выбару амэрыканскага народу на карысьць палітыкі, якая грунтуецца на сумленнасьці, адказнасьці, пошуку перамен. Сваёй актыўнай, шчырай і сьмелай пазыцыяй падчас перадвыбарчай кампаніі вы ўскалыхнулі амэрыканскае грамадзтва, вярнуўшы яго да сапраўднай дэмакратыі».

У жніўні 2018 году Лукашэнка казаў: «Я не хаваў і не хаваю, што я ж вельмі моцна заўзеў за Дональда Трампа. І публічна некалькі разоў выказваўся пра ход перадвыбарчай кампаніі ў ЗША на карысьць фактычна Дональда Трампа... Ён неардынарны палітык. Такога яшчэ не было, каб найбуйнейшая краіна ў сьвеце і яе прэзыдэнт так актыўна дзейнічаў, і прытым такімі нестандартнымі мэтадамі... І ён мае рацыю». Лукашэнка таксама моцна абураўся намерам праціўнікаў Трампа зладзіць яму імпічмэнт.

У верасьні 2019 году Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пераможа на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах і што ён чакае яго зь візытам у Менск. Таксама кіраўнік Беларусі хваліў Трампа за меркаваньне, што неабходна працягваць працу прадпрыемстваў падчас пандэміі каранавірусу.

Спадзевы Лукашэнкі на нармалізацыю амэрыкана-беларускіх адносін спраўдзіліся толькі часткова. Што тычыцца стаўленьня Вашынгтону да тэмы правоў чалавека ў Беларусі, то ў дзейнасьці адміністрацыі ЗША дзейнічала лёгіка каляіны, інэрцыя існай палітыкі. Да таго ж адміністрацыя Трампа была вымушаная кіравацца законам пад назвай «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжваў эканамічныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і дзяржпрадпрыемстваў.

Тым ня менш на першы плян у двухбаковых адносінах выйшла геапалітыка. Адміністрацыя Трампа ўзяла курс на ўзмацненьне канкурэнцыі з Расеяй за ўплыў у краінах рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Пры гэтым сувэрэнітэт Беларусі быў названы часткай бастыёна, які абараняе рэгіён ад расейскага нэаімпэрыялізму.

Зь іншага боку, Беларусь у другой палове 2010-х гадоў не падтрымала Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам, дыстанцыявалася ад саюзьніка, заняла пазыцыю нэўтралітэту і пачала працэс размарожваньня адносін з Захадам.

Усё гэта спрыяла пачатку нармалізацыі адносін. У жніўні 2019 году ў Менск прылятаў дарадца прэзыдэнта ЗША па нацбясьпецы Джон Болтан. Празь яго Лукашэнка перадаў Дональду Трампу і ягонай жонцы Мэляні падарункі — корцік і вырабы зь беларускага лёну.

А ў лютым 2020-га ў Менску зьявіўся ўжо дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Лукашэнка яму казаў: «Перадайце прывітаньне Дональду. У яго ж зяць Кушнер, карані яго — тут». Пасьля гэтага ЗША паставілі Беларусі танкер нафты, прадэманстраваўшы магчымасьць альтэрнатывы расейскай нафце.

На здушэньне рэжымам Лукашэнкі народных пратэстаў у 2020 годзе адміністрацыя прэзыдэнта ЗША адрэагавала нэгатыўна. 17 жніўня таго году Дональд Трамп адзначыў, што ў Беларусі склалася «жудасная сытуацыя». На наступны дзень ён заявіў, што «ў Беларусі цяпер ня надта шмат дэмакратыі». Адміністрацыя Трампа прыняла два пакеты санкцыяў (2 кастрычніка і 23 сьнежня 2020 г.) адносна Беларусі за фальсыфікацыю выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў.

Нягледзячы на гэта, Лукашэнка шмат разоў запэўніваў, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў ЗША перамог Трамп, аднак злыя алігархі сфальсыфікавалі вынікі, а людзі, якія на знак пратэсту штурмавалі Капітолій, мелі рацыю.

У чэрвені 2023 году Лукашэнка, разважаючы пра амэрыканскую выбарчую кампанію, зноў агітаваў за Трампа: «Будзем за яго заўзець, каб ён прыйшоў да ўлады і за суткі спыніў гэтую натаўскую машыну, якая сёньня ваюе супраць Расеі».

Цяпер выказваецца шмат прагнозаў наконт палітыкі новай адміністрацыі адносна Беларусі, вайны ва Ўкраіне, стаўленьня да Расеі. Падаецца, што пакуль нейкай рэальнай стратэгіі вырашэньня праблем у рэгіёне Ўсходняй Эўропы ў новага-старога прэзыдэнта ЗША няма. Імаверна, толькі цяпер яна пачне распрацоўвацца, бо ўсе ранейшыя заявы Трампа наконт гэтага мелі хутчэй перадвыбарчы характар.