Святлана Ціханоўская: «Лукашэнка не проста растаптаў нашу Канстытуцыю, ён яе згвалтаваў і пасадзіў у турму»

Сёння, у дзень Канстытуцыі, у Сейме Літвы праходзіць Канферэнцыя «Інвестыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў».

Мерапрыемства прысвечанае абмеркаванню Канстытуцыі Новай Беларусі і 6 законапраектаў, падрыхтаваных у яе развіццё і дапаўненне. Агулам сабралася каля 70 удзельнікаў.

Беларуская лідарка выступіла на адкрыцці Канферэнцыі з прамовай:

«У Беларусі больш за паўтары тысячы палітвязняў. Я б дадала да іх ліку і Канстытуцыю. Канстытуцыя – палітвязень нумар 1. Яна стала першай ахвярай рэжыму. Лукашэнка не проста растаптаў нашу Канстытуцыю, ён яе згвалтаваў і пасадзіў у турму.

Беларусы добра разумеюць, што рэжым Лукашэнкі – гэта тупік. Аднак яны не заўсёды разумеюць альтэрнатыву.


І яны прыходзяць да нас з пытаннем: якую Беларусь вы прапануеце?

Праект новай Канстытуцыі, які распрацоўвалі юрысты, палітолагі і праваабаронцы, – гэта адказ на запыт грамадства. Нашыя эксперты не спыніліся і працягнулі працу над комплексным пакетам законаў і рэформаў. Я запрашаю беларусаў да ўдзелу ў працы над новай Канстытуцыяй, складаннем законапраектаў і будучымі рэформамі.Разам мы не толькі ўяўляем сабе новую Беларусь, але і закладваем яе падмурак».

 

Фота з канферэнцыі