У Казахстане пройдзе рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыі.


Што хочуць зьмяніць?

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ аб правядзеньні 5 чэрвеня 2022 году рэфэрэндуму аб унясеньні зьмяненьняў у Канстытуцыю.

 

Такаеў заявіў, што канстытуцыйная рэформа нацэленая на «комплексную трансфармацыю ўсёй дзяржаўнай мадэлі». У прыватнасьці, папраўкі ў Асноўны закон краіны замацуюць «канчатковы пераход ад «супэрпрэзыдэнцкай» формы праўленьня да прэзыдэнцкай рэспублікі з уплывовым парлямэнтам і падсправаздачным урадам».

Паводле яго слоў, у новай рэдакцыі Канстытуцыі плянуецца «замацаваць роўнааддалены статус прэзыдэнта ад усіх палітычных партый і рухаў».

Раней парлямэнт Казахстану ўхваліў зьмяненьні ў канстытуцыйным законе «Аб рэспубліканскім рэфэрэндуме». Як піша казаская служба Радыё Свабода, Такаеў у сакавіку, зьвяртаючыся з «пасланьнем да народу», прапанаваў унесьці зьмены ў Асноўны Закон. Яны прадугледжваюць аднаўленьне Канстытуцыйнага суду, які быў скасаваны прынятай у 1995 годзе Канстытуцыяй; забараняюць прэзыдэнту быць у палітычных партыях на пэрыяд ажыцьцяўленьня паўнамоцтваў, а яго блізкім сваякам — займаць палітычныя ці кіраўнічыя пасады ў квазідзяржаўным сэктары; закранаюць працу парлямэнту і выбарчую сыстэму.

Дэпутаты сэнату (верхняй палаты парлямэнту) прагаласавалі за зьмену пункта, у якім гаворыцца, што прадметам рэфэрэндуму ня можа быць статус «елбасы», гэта значыць першага прэзыдэнта. «Пытаньне аб статусе першага прэзыдэнта ня будзе ўваходзіць у пералік пытаньняў, які ня можа быць разгледжаны на рэфэрэндуме», — растлумачыла сэнатар Ляззат Сулеймен, былы сябра Цэнтравыбаркаму.

У канцы красавіка старшыня мажылісу Казахстану Ярлан Кашанаў заявіў, што прыняцьце паправак у Канстытуцыю дазволіць скасаваць канстытуцыйны закон аб першым прэзыдэнту. Менавіта гэты закон гарантуе Нурсултану Назарбаеву імунітэт ад перасьледу, недатыкальнасьць ягонай маёмасьці і актываў чальцоў яго сям’і, прадугледжвае шэраг прывілеяў і фінансаваньне зь бюджэту ягонай канцылярыі. На ўтрыманьне гэтай канцылярыі з сакавіка 2019 году было выдаткавана каля дзевяці мільярдаў тэнге ($11,3 млн).

Пасьля студзеньскіх беспарадкаў многія спадзяваліся, што адмена закону «Аб лідэру нацыі», які гарантуе першаму прэзыдэнту пажыцьцёвую недатыкальнасьць, стане заканчэньнем назарбаеўскай эпохі.


Замест гэтага народу абвясьцілі, што імя Нурсултана Назарбаева могуць упісаць у Канстытуцыю.

 

 


 

У вас нет прав оставлять комментарии. (You have no rights to post comments.)