Iгару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня.


«Хвіліначку ўвагі, мяне завуць Дар’я Лосік, і я жонка палітвязьня Ігара Лосіка.

Я хачу зьвярнуцца да ўсіх, хто мае дачыненьне да сёньняшняга бязладзьдзя. А менавіта да судзьдзяў, пракурораў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, работнікаў СІЗА і, вядома ж, да грамадзяніна Лукашэнкі. Сёньня ўвесь гэты фарс, увесь гэты спэктакль пад назвай «суд у справе Ціханоўскага» падышоў да канца.

Як вы сябе адчуваеце пасьля гэтага ўсяго, я пытацца ня буду, але вельмі спадзяюся, што кепска.

Як вам жыць далей, абдымаць сваіх дзяцей, блізкіх і любімых людзей, ведаючы, што вы нарабілі сёньня? Спадзяюся, што кепска. Як гэта — усьведамляць, што зламалі лёсы і жыцьці невінаватым людзям? Спадзяюся, што балюча.

Вы растапталі ўсе законы і нормы права, хоць ваша праца — іх выконваць. Вы схаваліся за дзьвярыма СІЗА, судоў і таніраваных мікрааўтобусаў у надзеі, што ніхто і ніколі ня ўбачыць вашых твараў, а вашыя справы, чорныя справы, ніколі ня выйдуць вонкі. А дарма, бо судзьдзі, пракуроры, сілавікі ў гэтай гульні проста пешкі, якія пры нязручным раскладзе пойдуць у расход. Сыстэма зжарэ іх гэтаксама, як цяпер пажырае сумленных і выдатных людзей у засьценках турмаў.

Таму я чарговы раз зьвяртаюся да грамадзяніна Лукашэнкі.

Аляксандар Рыгоравіч, па ўсіх тэлеканалах і інтэрнэт-рэсурсах дзяржпрапаганды трансьлююць прамовы пра тое, які вы сьмелы, як вы самааддана і непахісна ратуеце краіну ад усіх мажлівых і неймаверных напасьцяў. Вельмі цікава, бо вы змагаецеся з такімі нібыта страшнымі пагрозамі, але сустрэцца з адной простай дзяўчынай, жонкай і мамай, у вас сьмеласьці не хапіла. Дык можа дакажаце, што гэта ня так.

І паўтаруся, я адна, а вы можаце пасадзіць мяне ў адзін з вашых таніраваных мікрааўтобусаў, прыставіць мне да скроні пісталет і ў рэжыме поўнай ананімнасьці адвезьці туды, куды вам будзе заўгодна. Чаго ж вы баіцеся? За вашай сьпінай, як вы ўжо сказалі, 90% падтрымкі, а асноўная маса — гэта ня толькі сілавікі, але і простыя людзі.

Давайце ж сустрэнемся, і я раскажу, праз што дзякуючы вашым падначаленым праходзіць наша сямʼя. Як гэта — перажыць дзьве галадоўкі мужа, даведацца, што ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам проста на вачах аднаго з вашых так званых сьледчых; як гэта, калі цябе зьмяшчаюць у камэру з псыхічна нездаровымі людзьмі, і як гэта — даведацца, што псыхоляг у СІЗА-3 Гомля падштурхоўвае твайго мужа на новую спробу суіцыду. Я раскажу ў колерах і фарбах пра свае пачуцьці, якія ўзьнікаюць, калі наша дачка дзень пры дні пытаецца: «Мама, а дзе тата і чаму ён ня ходзіць са мной гуляць у парк?». А вы паспрабуеце растлумачыць мне, навошта мы прайшлі і працягваем праходзіць праз усе гэтыя катаваньні.

Вы казалі, што не ваюеце з жанчынамі, але мой прыклад і прыклад дзясяткаў жанчын-палітвязьняў сьведчыць пра адваротнае.

Я думаю, што тэмаў для абмеркаваньня больш чым дастаткова.

Выбар месца і часу я пакідаю за вамі. Уцякаць і хавацца за мяжой я не зьбіраюся. Дакажыце мне, што вы не баязьлівец. Чакаю запрашэньня».