Анатоль Лябедзька у эфіры радыё РАЦЫЯ: „Зачыстка” грамадзянскай супольнасці – гэта і крамлёўскі інтарэс.

У нашым эфіры пабываў кіраўнік платформы „Еўрапейская Беларусь” і прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па пытанні канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька. З ім пагутарыў Улад Грынеўскі.

– Як вы ацэньваеце апошнія падзеі ў Беларусі, звязаныя з ператрусамі ў правабаронцаў і журналістаў?

– Натуральна, што я стаўлюся да гэтага негатыўна, да ўсяго гэта датычылася і мяне – чорная серада мінулага тыдня. Гэткі подых 37-га года і гэта не перабольшванне. Доўгі час казалі, што нельга ўступіць двойчы ў адну і тую ж ваду і ў адзін і той жа час. Але Беларусь – якраз прыклад таго, што можна, на вялікі жаль. Тое, што адбываецца, – гэта зачыстка нават не палітычнай прасторы, а прасторы чалавечай, гуманітарнай, культурнай. Грамадзянская супольнасць – гэта тое, на чым трымаецца кожная нармальная дзяржава. І калі няма здаровай грамадзянскай супольнасці, то і дзяржава атрымліваецца з перакосамі. Прыходзіць альбо аўтарытарнае кіраванне альбо таталітарная дыктатура. І тое, што адбываецца зараз – гэта якраз „зачыстка” грамадзянскай прасторы. Відаць для таго, каб гэтая ўлада, ці яе рэшткі, магла праводзіць так званыя выбары ці нейкі рэферэндум. Яны глядзяць на грамадзянскую супольнасць, як на альтэрнатыву. А альтэрнатыва для іх – гэта пагроза. Таму задача стаіць – частку людзей альбо выпхнуць з краіны, альбо пасадзіць у вязніцу. І тут ёсць інтарэс канешне і Крамля. „Зачыстка” грамадзянскай супольнасці Беларусі – гэта і яго якраз інтарэс. Яшчэ і таму, што наша грамадзянская супольнасць арыентуецца на еўраатлантычныя каштоўнасці. Калі грамадзянская супольнасць будзе „зачышчана”, то сюды можна будзе паспрабаваць прыўнесці грамадзянскую супольнасць, якая будзе арыентавацца на „рускі свет”.

– Якая вам бачыцца канцэпцыя „зачысткі”. Гэта больш эмацыйныя дзеянні, ці ёсць страты нейкія ад гэтага?

– Гэта не толькі эмоцыі. Гэта датычыць канкрэтных людзей. Гэта не сама прыемнае, калі да цябе дахаты прыходзяць людзі з савецкага мінулага, якія дзейнічаюць не ў прававым полі, нават не па іхняй канстытуцыі, якую яны рабілі пад сябе. „Зачыстка” сканчаецца для многіх цяжкімі наступствамі – людзі пазбаўляюцца свабоды, яны ня могуць нармальна жыць. Ну а эмоцыі канешне адмоўныя.

– Спадар Анатоль, ці можна ў гэтай сітуацыі ўвогуле гаварыць пра нейкі грамадскі дыялог? Як увогуле гаварыць пра нейкую новую канстытуцыю?

– Пра Канстытуцыю трэба размаўляць, мы таксама пра гэта гаворым, больш таго, мы распрацавалі новы праект Канстытуцыі новай Беларусі. Гэтае пытанне так ці інакш у павестцы дня. Ну але тое, што прапануюць цяперашнія ўлады – гэта кансервацыя старой сістэмы, з якой сутыкаюцца мільёны людзей. І гэтае сутыкненне для іх – непазітыўнае.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
0
Оставьте комментарий! Напишите, что думаете по поводу статьи.x
()
x