Іван Пляхімовіч. «У новай Канстытуцыі трэба напісаць пра беларусаў»

Цяперашні Асноўны закон Беларусі не згадвае беларусаў — тытульную нацыю рэспублікі. Гэты недахоп трэба выправіць.

Канстытуцыя замацоўвае прынцыпы роўнасці нацыянальных супольнасцей і свабоднага развіцця іх культур (артыкулы 14 і 15), прадугледжвае прыняцце законаў аб правах нацыянальных меншасцей (пункт 2 часткі першай артыкула 97). А як жа быць з нацыянальнай большасцю?

84,9% жыхароў нашай краіны — беларусы. Іх абсалютная колькасць у насельніцтве рэспублікі складае амаль 8 млн чалавек.

У беларускай дзяржаве не ажыццяўляецца нацыянальная палітыка (яе не трэба блытаць з нацыяналізмам), гіне нацыянальная мова, насаджаецца неаб’ектыўны погляд на гісторыю. У выніку, працэс фарміравання беларускай нацыі, на маю думку, не завершаны да гэтага часу.

Прапаную ў новай Канстытуцыі, яе першым раздзеле «Асновы канстытуцыйнага ладу» змясціць наступны артыкул:

Дзяржава садзейнічае развіццю беларускай нацыі, росту яе самасвядомасці і прызнанню аб’ектыўнага значэння ўсіх этапаў айчыннай гісторыі.

Дзяржава ўмацоўвае сувязі з беларусамі, якія пражываюць за мяжой.

Гарантуецца свабоднае развіццё ўсіх нацыянальных супольнасцей у Рэспубліцы Беларусь.

Дадзены артыкул прызначаны стаць канстытуцыйным грунтам нацыянальнай палітыкі дзяржавы, у тым ліку беларусізацыі — трэцяй у айчыннай гісторыі пасля 20-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Палітычныя падзеі 2020 г. як ніколі раней паказалі нашае адзінства з беларусамі, якія пражываюць не на сваёй Радзіме.

Масавыя выступленні ў краіне супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту міліцыі ў дачыненні да мірных грамадзян былі дзейна падтрыманы нашымі суайчыннікамі ў іншых дзяржавах. Мы адна нацыя — беларусы Беларусі і замежжа. У іншых краінах пражываюць каля 3,5 млн беларусаў. Вялікая лічба! Беларусь магла б дапамагаць замежным суайчыннікам, а яны — Беларусі.

Прывяду прыклад. У Кітай ідзе шмат інвестыцый з-за мяжы. Але самае цікавае тое, што амаль 80% замежных інвестараў у эканоміку Кітая — гэта кітайцы, што жывуць у іншых краінах.

Дзяржавы ўсё часцей робяць заканадаўчыя ды іншыя захады для пашырэння ўзаемадзеяння са сваімі замежнымі суайчыннікамі. Усім гэтым тлумачыцца ўключэнне ў прапанаваны мной артыкул новай Канстытуцыі нормы пра абавязак дзяржавы ўмацоўваць сувязі з беларусамі, якія пражываюць за мяжой.

Беларусь павінна застацца домам для людзей розных нацыянальнасцей, таму ў Канстытуцыі варта абвясціць свабоднае развіццё ўсіх нацыянальных супольнасцей на тэрыторыі дзяржавы.

Нездарма кажуць, што без натхнення гісторыяй няма нацыі. Прапанаваны варыянт артыкула абавязвае дзяржаву прызнаваць аб’ектыўнае значэнне ўсіх этапаў айчыннай гісторыі.

Калі паслухаць афіцыйных асоб, то можа скласціся ўражанне, што гістарычны шлях Беларусі пачаўся ад 1917 г. Незважаючы на супярэчлівасць савецкага перыяду, які адзначаны не толькі дасягненнямі, але і стратамі, напрыклад, масавымі рэпрэсіямі, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі заканадаўча абвешчаны святочным і непрацоўным днём. Да таго ж, у нашай мінуўшчыне нібыта была толькі адна вайна — Вялікая Айчынная. Зараз яна выкарыстоўваецца ўладай у палітычных мэтах — каб ствараць з заходніх дзяржаў вобраз ворага, апраўдваць мілітарызацыю і рэжым аўтарытарнай улады, называць фашызмам праявы нацыянальнага ў краіне, скажам бела-чырвона-белы сцяг.

У новай Беларусі неабходна захаваць памяць пра ахвяры Вялікай Айчыннай вайны і пашану да перамогі ў гэтай вайне, аднак паглыбіць веды аб ёй і зрабіць іх больш аб’ектыўнымі.

Спатрэбіцца значная работа, каб аддаць даніну павагі іншым падзеям і перыядам нашай гісторыі, яе выбітным постацям, паказаць дасягненні і нягоды беларускага народа, увасобіць гісторыю ў сучасным: змесце школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў, назвах населеных пунктаў, вуліц, праспектаў і плошчаў, дзяржаўных святах і сімвалах.

У сваёй мінуўшчыне мы можам надзіву шмат знайсці для сённяшняга дня. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., прыняты на старабеларускай мове, грунтаваўся на тым, што кожны чалавек, і кіраўнік дзяржавы таксама, падпарадкаваны праву. Адпаведна, беларускі дзяржаўны дзеяч і правазнавец Леў Сапега, які кіраваў падрыхтоўкай Статута, напісаў у прадмове да яго: «Шмат калі гаспадары і каралі гэтага свету ад сваёй прыстойнай павіннасці адступалі і дзейнічалі толькі на сваю карысць, а пра агульнае дабро мала дбалі. Таму людзі, брыдзячыся іх панаваннем, не гаспадарамі, а тыранамі іх называлі, а вялікі і славуты грэцкі філосаф Арыстоцель сказаў, што там дзікі звер пануе».

Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
0
Оставьте комментарий! Напишите, что думаете по поводу статьи.x
()
x